Black Sabbath выклалі новы альбом “13” у інтэрнэт

Гурт Black Sabbath выклаў доўгачаканы альбом “13” у інтэрнэт. Афіцыйны рэліз кружэлкі запланаваны на 10 чэрвеня, таму пакуль яго можна толькі паслухаць на старонцы гурта ў iTunes.


13” ― першы сумесны лонгплэй Озі Осбарна, Тоні Аёмі ды Гізера Батлера з часоў "Never Say Die!" 1978 года. Раней сам Осбарн прызнаўся часопісу NME, што новы дыск гучыць сучасна і не з’яўляецца адраджэннем саўнду класічнага LP 1970 года "Paranoid".


"Я сапраўды шчаслівы, бо новы матэрыял не падобны на тое, што мы маглі б рабіць далей, калі б я не пакінуў гурт у 1979 годзе, ― падзяліўся ўражаннямі ад працы музыка. ― Гэта падобна на Black Sabbath, але вельмі актуальна: з Tools Pro, камп’ютарамі, і ўсім тым, што можа зрабіць наша гучанне якім заўгодна".


У сваю чаргу, Гізер Батлер адзначыў, што новы дыск нагадвае яму пра "цяжкі бок Black Sabbath" і паўжартам прайшоўся па лірычным складніку: "Ён вельмі дэпрэсіўны. Мы ўзгадваем ўсе звычайныя тэмы: смерць, релігію, смерць, катаванне, смерць".


Брытанскія рок-легенды працавалі над дыскам пераважна ў Лос-Анджалесе з прадзюсарам Рыкам Рубінам, вядомым па супрацоўніцтве з Red Hot Chili Peppers, Metallica ды System Of A Down.

 

Нагадаем, у мінулую суботу Black Sabbath абвясцілі тур па Вялікабрытаніі, які пачнецца 12 снежня 2013 года ў лонданскай O2 Arena, і працягнецца ў Белфасце, Шэфілдзе, Глазга, Манчэстары з выніковым вяртаннем на радзіму музыкаў у бірмінгемскай LG Arena 20 снежня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі