Блогера, які выклаў у інтэрнеце песні Guns n'Roses, наведала ФБР

Блогеру з Каліфорніі Кевіну Сквэрлу, які размясціў у інтэрнэце запісы з новага альбома Guns n'Roses, давялося паразмаўляць з агентамі ФБР.
Як паведамляе часопіс Rolling Stone, вэб-дызайнер, які раней працаваў у кампаніі Universal Music, публікуецца на сайце Antiquiet.com. Менавіта там 18 чэрвеня ён размясціў дзевяць кампазіцый з альбома "Кітайская дэмакратыя" (Chinese Democracy), выхад якога неаднаразова адкладаўся.

У панядзелак два агенты ФБР наведалі Сквэрла на працы і на працягу 15 хвілін распытвалі яго, адкуль з'явіліся гэтыя запісы. Блогер сцвярджае, што атрымаў іх ад невядомай крыніцы ў інтэрнеце.

У аўторак агенты прыйшлі дамоў да Сквэрла, каб убачыць арыгіналы файлаў, атрыманых блогерам ад невядомага. Аднак да таго часу Сквэрл сцёр іх па патрабаванні адвакатаў саліста Guns n'Roses Эксла Роўза.

Як распавядае сам Сквэрл, апроч званка ад юрыста, пасля якога запісы былі выдаленыя з сайта, яму быў дасланы ліст, у якім блогеру пагражаюць судовым пераследам. Тым не менш, Сквэрл перакананы, што здолее пазбегнуць сур'ёзных непрыемнасцяў.

Нагадаем, што працаваць над "Кітайскай дэмакратыяй" Guns n'Roses пачалі яшчэ ў 1994 годзе.

Толькі ў красавіку 2008 года стала вядома, што дыск гатовы і перададзены музыкамі гуказапісвальнаму лейблу Geffen Records.

Фота: www.infomuzyka.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі