Больш за 100 загінулых — што вядома аб выбухах у Кабуле
У выніку выбухаў у аэрапорце Кабулу загінулі 103 чалавекі / Reuters
У двух выбухах ля аэрапорта Кабулу загінулі 103 чалавекі. Гэта звесткі выдання The Wall Street Journal. Сярод загінуўшых 90 афганцаў і 13 амерыканскіх вайскоўцаў.
Выбухі каля кабульскага аэрапорта прагрымелі ў чацвер. Адзін з іх учыніў тэрарыст-смяротнік, а ў другім, паводле звестак тэлеканала Sky News, мог быць задзейнічаны аўтамабіль, начынены выбухоўкай. Радыкальны рух "Талібан", які захапіла ўладу ў краіне, асудзіў тое, што адбылося.
Было яшчэ некалькі выбухаў. Але яны былі кантраляванымі, паведамілі ў Пентагоне.
Прэзідэнт Джо Байдэн заявіў, што Злучаныя Штаты знойдуць вінаватых у выбухах у кабульскім аэрапорце. Ён ужо даручыў мінабароны распрацаваць планы па нанясенні ўдару ў адказ.
"Мы не даруем, мы не забудзем. Мы высачым вас і прымусім заплаціць", — сказаў Байдэн. Гэта будзе кропкавы ўдар па аб'ектах і кіраўніцтву тэрарыстаў, маштабныя ваенныя аперацыі не плануюцца.
"Мы знойдзем спосабы, без буйных ваенных аперацый, каб іх дастаць", — заявіў ён.
Па дадзеных ЗША, да выбуху мае дачыненне тэрарыстычная арганізацыя "Ісламская дзяржава", але талібы не дапамагалі ў гэтым баевікам ІД.
"Пакуль што няма сведчанняў <...> , што была змова паміж "Талібанам" і ІД у ажыццяўленні таго, што адбылося сёння і таго, што, як чакаецца, будзе працягвацца і далей у будучыні", — сказаў таксама Джо Байдэн.
Паводле яго слоў, талібы зацікаўлены ў тым, каб ЗША "змаглі своечасова сысці" з Афганістана. Байдэн яшчэ раз пацвердзіў, што Вашынгтон мае намер вывесці войскі да 31 жніўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.