Больш за 5000 чалавек падпісаліся пад адкрытым лістом хрысціян Беларусі
Больш за 5000 чалавек пакінулі свае подпісы пад адкрытым лістом хрысціян Беларусі. Подпісы збіраюць ужо два тыдні. Падпісанты патрабуюць спыніць гвалт, аднавіць законнасць (вызваліць палітвязняў і асудзіць карнікаў) і правесці новыя прэзідэнцкія выбары.
"Свядомае скажэнне інфармацыі пра вынікі галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 года, ілжэсведчанні ў судах, дэзынфармацыя ў СМІ, заведама неправасудныя рашэнні — гэта не толькі парушэнне законаў Рэспублікі Беларусь, але і вялікі грэх. Не хлусь, не кажы ілжывага сведчання на блізкага твайго — гэта Божая запаведзь.
Выкарыстанне зброі сілавымі структурамі Беларусі, якое прывяло да гібелі мірных грамадзян, катаванні і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў перавялі палітычнае супрацьстаянне ў маральна-этычную плоскасць. Падтрымліваць незаконныя дзеянні ўладаў амаральна. Маўчаць пра беззаконні — значыць, прычыняць пакуты дзясяткам тысяч чалавек па ўсёй краіне", — гаворыцца ў лісце.
Ліст падпісалі праваслаўны протаіерэй Георгій Рой з Гродна, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі Сяргей Шатроўскі, ксёндз Юрый Барок з Расонаў, грэка-каталіцкі святар Юрый Буйніч з Ліды, пастары пратэстанцкіх цэркваў Леанід Вараненка, Антоній Бокун, Тарас Цялькоўскі ды іншыя. Акрамя таго сярод падпісантаў ліста грамадскі дзеяч Зміцер Дашкевіч, сустаршыня аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Георгій Дзмітрук, жонка палітвязня і заснавальніца сайта Kroplia.by Вольга Севярынец, музыка Аляксандр Патліс, актрыса Ганна Харланчук-Южакова.
Збор подпісаў працягваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.