Больш заразны і больш смяротны — навукоўцы пра ёта-варыянт каранавіруса
У медыцынскай лабараторыі / БЕЛТА
Каранавірусная інфекцыя, выкліканая ёта-варыянтам, амаль у два разы часцей прыводзіць да смяротнага выніку, чым у выпадку іншых штамаў. Такую выснову зрабілі нью-ёркскія навукоўцы. Вынікі іх даследавання апублікаваныя на сайце электроннай навуковай бібліятэкі medRxiv.
Гэты штам быў упершыню выяўлены ў Нью-Ёрку.
Даследчыкі прааналізавалі базы дадзеных і прыйшлі да высновы, што ў выпадку некаторых узроставых груп рызыка смерці пры гэтым штаме прыкметна павялічваецца. Па іх словах, назіраецца "значна павялічаная рызыка смяротных вынікаў у групах старэйшых дарослых: на 46% — сярод узроставай групы 45-64 гады, на 82% — сярод людзей ва ўзросце ад 65 да 74 гадоў і на 62% — сярод тых, каму бльш за 75 гадоў <...> у параўнанні з базавай рызыкай смяротных вынікаў у папярэдніх варыянтаў".
Акрамя таго, гэты штам больш заразны і можа абыходзіць імунную абарону ў 10% раней перахварэлых людзей.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя ў сваім ліпеньскім бюлетэні звяртала ўвагу на тое, што ў свеце ідзе распаўсюджванне варыянтаў каранавіруса, якія вылучаюцца высокай заразнасцю. У прыватнасці, за тыдзень колькасць краін, дзе цыркулюе варыянт "дэльта" (яго яшчэ называюць індыйскім), вырасла з 96 да 104. У СААЗ сочаць таксама і за варыянтамі "ёта", "эта", "капа"і "лямбда".
У Беларусі індыйскі штам каранавіруса "дэльта" быў выяўлены ў канцы чэрвеня. Пра выяўленне штаму "ёта" Міністэрства аховы здароўя краіны не паведамляла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.