Бондар: Мінкульт мае некалькі варыянтаў аднаўлення працы Купалаўскага
Дзверы Купалаўскага тэатра пасля звальнення супрацоўнікаў / Еўрарадыё
У Мінкульта ёсць некалькі варыянтаў, як аднавіць працу Купалаўскага тэатра, але пакуль трэба супакоіцца. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ заявіў міністр культуры Юрый Бондар:
"Асаблівая сітуацыя — яна не безнадзейная. Міністэрства культуры мае некалькі планаў, як аднавіць працу Купалаўскага тэатра, але я думаю, што цяпер, вядома, неабходна пачакаць, супакоіцца, зрабіць высновы ў гэтай сітуацыі і вызначыцца з мадэллю аднаўлення дзейнасці Купалаўскага тэатра ў 2020 годзе".
Бондар не выключае, што акцёры, якія звольніліся, створаць незалежны тэатр, але лічыць, што паўнавартасны тэатр у Беларусі магчымы толькі пры падтрымцы дзяржавы.
"Гэты шлях трупе давядзецца прайсці, каб зразумець, што падтрымка дзяржавы тэатральнаму мастацтву — аснова на сённяшні дзень для паўнавартаснага функцыянавання калектыву".
26 жніўня стала вядома, што ў знак салідарнасці са звольненым дырэктарам Паўлам Латушкам з Купалаўскага тэатра звольніліся 58 супрацоўнікаў. Латушка застаўся без працы пасля таго, як адкрыта падтрымаў удзельнікаў мірных пратэстаў. Пазней да калег далучыліся народныя артысты Віктар Манаеў, Аляксандр Падабед і іншыя акцёры.
Зараз у трупе застаецца 15 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.