Бралі на продаж падпсаваную гародніну і садавіну — заведзена крымінальная справа
Аддзел з гароднінай і садавіной у супермаркеце / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Спецыялісты кантролю якасці дзвюх гандлёвых сетак сталі фігурантамі крымінальнай справы аб камерцыйным подкупе. У справе 11 фігурантаў. Паводле версіі следства, цягам паўтара года абвінавачаныя бралі на рэалізацыю няякасную плодаагароднінную прадукцыю. "Яны завышалі ацэнку вонкавага выгляду, заніжалі паказчыкі гнілі і лёгкай некандыцыі", — кажуць у СК. За гэта атрымалі ад пастаўшчыкоў не менш за 40 тысяч рублёў. А крамы ў выніку панеслі страты.
Пра схему стала вядома "дзякуючы прадстаўнікам камерцыйных структур, якія раскаяліся", сцвярджаюць у Следчым камітэце. Пастаўшчыкі самі прыйшлі ў СК, у выніку іх вызвалілі ад крымінальнай адказнасці. Работнікам гандлёвых сетак ужо выставілі абвінавачанне (паводле ч. 1 арт. 252 КК "Камерцыйны подкуп"). Яны пад падпіскай аб нявыездзе. Грошы, якія ім перадавалі ў якасці падзякі пастаўшчыкі, ужо пералічаныя ў даход дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.