Браніслаў Камароўскі: Я супраць, каб пра Беларусь размаўляць з Масквой!

Падчас нядзельных тэледэбатаў польскія кандыдаты ў прэзідэнты закранулі і беларускае пытанне. Браніслаў Камароўскі і Яраслаў Качыньскі прадставілі зусім розныя бачанні польскай замежнай палітыкі адносна афіцыйнага Мінска.
На думку Яраслава Качыньскага, сённяшняя Беларусь – гэта вельмі складаная праблема. Каб вырашыць яе, трэба спалучаць жорсткія метады ціску з неафіцыйнымі і мяккімі.

Яраслаў Качыньскі: “Я ведаю, што з рэжымамі такога кшталту, як рэжым Лукашэнкі, размова мае сэнс толькі тады, калі ёсць аргументы і ў форме націску і ў форме заахвочвання. І мы праводзілі такую палітыку, вядома, цалкам неафіцыйна, мы размаўлялі з прадстаўнікамі гэтага рэжыму”.

Да таго ж, Яраслаў Качыньскі назваў сыход Анжалікі Борыс з пасады кіраўніка Саюза палякаў у Беларусі паражэннем польскай усходняй палітыкі. Каб вырашыць беларускую праблему, а таксама абараніць польскую меншасць у Беларусі патрэбна дапамога Масквы, лічыць Качыньскі. 

Катэгарычна не згадзіўся з ім маршал польскага Сейма Браніслаў Камароўскі. На яго думку, размовы з Масквой пра Мінск гэта палітычны нонсенс. 

Браніслаў Камароўскі: “Гэта цалкам супярэчыць польскім нацыянальным інтарэсам. Да таго ж гэта непрымальна ў міжнароднай палітыцы. Гэта тое самае, што беларусы размаўлялі пра польскія справы таксама з Расіяй ці з Берлінам. Я з гэтым не згаджаюся”.

Нягледзячы на тое, што Захад пакуль не ў стане вырашыць беларускае пытанне, Польшча мае шанец гэта выправіць у рамках інтэграванай замежнай палітыкі Еўрасаюза. Толькі моцным голасам Еўропы можна ўплываць на Аляксандра Лукашэнку, лічыць Браніслаў Камароўскі. А распачаць трэба – з няўрадавых арганізацый.

Браніслаў Камароўскі: “На маю думку, трэба ставіць не толькі на ўзмацненне польскіх арганізацый, якія з’яўляюцца найбольш вялікімі арганізацыйнымі формамі трэцяга сектара, а таксама на іншыя няўрадавыя арганізацыі. Гэта падстава дэмакратычнага грамадства. І яе паволі трэба будаваць”.

Па словах Браніслава Камароўскага, гэтаму спрыяюць незалежныя СМІ, які вяшчаюць з тэрыторыі Польшчы на Беларусь, але таксама і дамова аб малым памежным руху, якая дазволіць жыхарам прыгранічных тэрыторый падарожнічаць у суседнюю краіну без візы. Вяртаючыся з Польшчы, беларусы будуць лепш разумець дэмакратыю і рынкавую эканоміку. “Крок за крокам мы давядзем Беларусь да дэмакратычных стандартаў” ― упэўнены маршал Сейма.

Фота bronislawkomorowski.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі