Брэсцкія актывісты прапануюць стварыць беставарны велапереход з Польшчай
Грамадскія актывісты прапануюць стварыць беставарны велапереход "Брэст — Тэрэспаль". Ініцыятыва належыць кампаніі "За Вела-Брэст!".
Яе актывісты яшчэ ў 2012 годзе пачалі высвятляць, чаму нельга пераязджаць "Варшаўскі мост" на роварах. Высветлілася, што беларускія памежнікі афіцыйна не забараняюць ехаць на ровары. Раварыстаў разварочваюць менавіта польскія памежныя службы. Афіцыйная прычына забароны — нібыта ў тым, што пункт пропуску з польскага боку не абсталяваны для пераезду на ровары.
Як распавёў Еўрарадыё каардынатар кампаніі Уладзімір Красько, 1 ліпеня сёлета на базе аўтамабільнага пагранічнага пераходу "Угрынаў-Доўгабычаў" паміж Польшчай і Украінай з'явілася магчымасць роварнага перасячэння мяжы. На прыкладзе гэтага эксперымента актывісты "За Вела-Брэст!" агучылі свае новыя прапановы.
Красько: "Гэты эксперымент ілюструе, што такія перабудовы зрабіць вельмі лёгка: папросту выдзяліць адну паласу, якая выкарыстоўвалася, для аўтамабіляў, для пешаходаў і раварыстаў. Мы разумеем, што ёсць пэўныя цяжкасці і паласой могуць скарыстацца кантрабандысты, але, на наш погляд, калі ўсталяваць правілы беставарнага перасоўвання, выключна з культурнымі і турыстычнымі мэтамі, то гэтае пытанне адпадзе само па сабе".
Адпаведныя дакументы былі накіраваныя ў Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі і ў памежныя службы Польшчы.
Фота: ByMedia.net