Брэстаўчанам прапануюць узяць пад кантроль працу камунальнікаў
З такой ініцыятывай выступілі брэсцкія актывісты "Гавары праўду".
Са словаў актывіста кампаніі "Гавары праўду" Ігара Маслоўскага, ідэя ўзнікла, калі ў брэсцкую філію арганізацыі па дапамогу звярнуліся жыхары аднаго дома з мікрараёну Паўднёвы. Яны наракалі на тое, што камунальнікі не выконваюць сваіх прамых абавязкаў. У прыватнасці, супрацоўнікі ЖКГ не праводзяць прыборку пад'ездаў, як гэта прадугледжана ў Законе "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг".
Маслоўскі: "Мы дапамаглі скласці скаргу, сабралі разам подпісы і зараз спрабуем дамагчыся ад жыллёва-камунальнай гаспадаркі вырашэння гэтага пытання на прыкладзе аднаго дома”.
Скарга была накіравана ў Брэсцкі гарвыкам і абласны цэнтр эпідэміялогіі і гігіены.
Ігар Маслоўскі спадзяецца, што распрацаваны алгарытм дзеянняў дапаможа іншым брэстаўчанам, якія сутыкнуцца з падобнай праблемай. Узор скаргі актывісты збіраюцца распаўсюджваць праз сацыяльныя сеткі і іншыя сродкі камунікацыі.