Брэстаўчане толькі праз скаргу ў ЖКГ дамагліся прыборкі сваіх пад'ездаў

Скаргу ў Брэсцкі гарадскі ЖКГ дапамаглі скласці актывісты "Гавары праўду". Яе сутнасць у тым, што жыхары штомесяц уносілі плацёж за тэхабслугоўванне свайго дому, аднак прыборкі пад'ездаў у ім не праводзілася. Паводле Пастановы міністэрства ЖКГ №25, сухая ўборка пад'езда павінна праводзіцца штодня, а вільготная — 1 раз на тыдзень.

Па словах грамадскага актывіста Ігара Маслоўскага, гарадская жыллёва-камунальная служба адказала на скаргу. Па гэтым факце была створана камісія, якая склала прэтэнзійны акт. Усе довады жыхароў дома пацвердзіліся, і пад'езды сапраўды пачалі прыбірацца.

Маслоўскі: "Мы яшчэ патрабавалі, каб людзям вярнулі за 2 гады грошы, якія яны выплочвалі. На гэта ўлады хітра адказалі, што паколькі не было гэтых прэтэнзійных актаў, яны грошы вярнуць не могуць. Але зараз такі акт ёсць, і мы будзем праводзіць маніторынг, як адбываецца гэтая прыборка".

Ігар Маслоўскі спадзяецца, што распрацаваны алгарытм дзеянняў дапаможа іншым брэстаўчанам, якія сутыкнуцца з падобнай праблемай. Актывісты маюць намер распаўсюдзіць узор скаргі сярод жыхароў гораду, каб тыя персанальна дамагаліся ад камунальнікаў прыборкі сваіх пад'ездаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі