Будучую настаўніцу, якая прадала спайс школьніку, асудзілі на 6,5 гадоў
На судзе былі даказаныя чатыры выпадкі таго, што выпускніца ВНУ прадавала спайсы.
У Баранавічах суд асудзіў на шэсць з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму 23-гадовую выпускніцу Баранавіцкага дзяржуніверсітэта. Яе прызналі вінаватай у незаконным набыцці з мэтай збыту, захоўванні і збыце аналага псіхатропнага рэчыва.
Як піша tut.by, дзяўчына з Баранавіцкага раёна пасля заканчэння ВНУ мусіла адправіцца па размеркаванні ў школу. Аднак папрацаваць у школе яна не паспела, бо яе затрымалі міліцыянты.
На судзе былі даказаныя чатыры факты таго, як дзяўчына збывала забароненыя рэчывы. За два дні — 9 і 10 ліпеня — яна прадала чатыром кліентам каля 1,5 грама спайсаў на 350 тысяч рублёў. Пры гэтым самаму малодшаму з іх было 15 гадоў.
На судзе выпускніца цалкам прызнала сваю віну. Яна паведаміла, што рэалізоўвала псіхатропнае рэчыва з траўня па ліпень 2014 года.
Дзяўчына абскардзіла прысуд, вынесены 23 снежня 2014 года. Але судовая калегія па крымінальных справах пакінула яе скаргу без задавальнення, а прысуд — без зменаў.
Фота — gants.by