Будынак пратэстанцкай царквы "Новае жыццё" апячатаны

Будынак пратэстанцкай царквы "Новае жыццё" апячатаны

Судовыя выканаўцы выселілі з будынку на вуліцы Кавалёва ў Мінску суполку хрысціян поўнага Евангелля "Царква "Новае жыццё". Сам будынак апячатаны.

"Нам нічога не сказалі, але, як мы мяркуем, сёння яны выканалі рашэнне суда. Будынак (а па паперах ён ужо даўно належыць гораду) яны вярнулі ва ўласнасць горада. Сёння яны дазволілі нам сякія-такія рэчы забраць, астатняе апячаталі", — распавядае адміністратар царквы Віталь Антончыкаў у каментары БелаПАН.

Па яго словах, падчас пандэміі каранавіруса вернікі шмат чаго перавялі ў анлайн-фармат. Але цалкам пераходзіць у такі рэжым яны ўсё ж не хочуць.

"Але ўсё-такі мы б не хацелі адмаўляцца ад сходаў і сыходзіць наогул у падполле, мы хацелі б мець агульныя сходы. Аднак пакуль нават думак няма, куды можна пайсці, каб для такой велізарнай царквы зняць [памяшканне] у арэнду", — тлумачыць Антончыкаў.

Перспектывы будаўніцтва будынка на новым месцы рэлігійная суполка пакуль не мае. 

Як распавядала Еўрарадыё, 17 лютага судовыя выканаўцы ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі ўвайшлі ў будынак царквы "Новае жыццё" пад пагрозай узлому дзвярэй. У царкве было каля 50 вернікаў. Іх выгналі з будынка, пагражаючы адправіць на "суткі". 

Выселіць "Новае жыццё" з будынка сталічныя ўлады спрабуюць з 2005 года. У 2006-м вернікі ладзілі пост-галадоўку. У выніку акцыі мінскія ўлады пакінулі "Новае жыццё" ў старым будынку. 

Пасля выбараў 2020 года пастар царвы Вячаслаў Ганчарэнка асудзіў гвалт сілавікоў на беларускіх вуліцах і заклікаў улады пакаяцца. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі