Будзе нясоладка: у Беларусі могуць падаражэць печыва і вафлі
Прысмакі да гарбаты могуць падаражэць / vkusnyblog.ru
У Беларусі з 1 студзеня павялічаны ПДВ на некаторыя кандытарскія вырабы. Змены замацаваныя ў Падатковым кодэксе, Міністэрства па падатках і зборах размясціла на сваім сайце тлумачальны дакумент.
З 1 студзеня асобныя пазіцыі харчовых тавараў пры іх увозе на тэрыторыю краіны для рэалізацыі "абкладаюцца ПДВ па стаўцы ў памеры 20% замест раней ужывальнай стаўкі ПДВ у памеры 10%", гаворыцца ў дакуменце.
Да Новага года падаткам на дабаўленую вартасць па стаўцы 10%, акрамя хлеба і хлебабулачных вырабаў, абкладаліся таксама мучныя кандытарскія вырабы. Цяпер жа стаўка ПДВ 10% захоўваецца толькі для хлеба і хлебабулачных вырабаў. Для салодкага печыва, вафляў і некаторай іншай прадукцыі будзе дзейнічаць стаўка ў 20%.
Нагадаем, што з Новага года ў Беларусі даражэе цэлы шэраг тавараў і паслуг. Праз увядзенне ПДВ на лекавыя сродкі і медвырабы могуць падаражэць прэпараты ў аптэках. Падыцца ў цане цыгарэты, паслугі ЖКГ, а таксама штрафы — з 1 студзеня з 27 да 29 рублёў вырасла базавая велічыня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.