"Было падобна да вясковай дыскатэкі”. Руся наехала на фэст Vulitsa Ezha
Спявачка Руся з гурта Shuma напісала гнеўны пост у адрас арганізатараў фестывалю Vulitsa Ezha. 2 жніўня электронны дуэт стаў хэдлайнерам другога дня фэсту. Але, па словах спявачкі, іх выступ быў пад пытаннем.
У размове з Еўрарадыё Руся кажа, што гурт пайшоў насустрач арганізатарам і пагадзіўся выступіць за палову ганарару, але з дамоўленасцю, што музыкі сыграюць "на добрым гуку". У першы дзень канцэрт на Vulitsa Ezha закрываў Найк Барзоў, і гук быў што трэба. Аднак арганізатары не выканалі абяцанняў.
"У дадзенай сітуацыі мяне больш за ўсё абурыла стаўленне да музыкаў, нібыта мы — нейкі шырспажыў, — эмацыйна кажа Руся. — Мы пайшлі насустрач арганізатарам наконт ніжэйшага кошту, але дамовіліся, што нам патрэбны добры гук, бо электронная музыка на маленькім гуку проста не гучыць — няма сэнсу запрашаць электронны гурт. Арганізатар паабяцаў, што ўсе нашы патрабаванні будуць выкананыя, але па выніку паглядзіце на фота мэйнстэйджа! Бачна, як выглядаў гук і святло, да таго ж было вельмі цёмна. Мы папрасілі публіку ўключыць ліхтарыкі на смартфонах, бо ўсё было падобна да вясковай дыскатэкі, а не да фестывалю".
Да таго ж, сцвярджае спявачка, у грымёрках не было ні вады, ні кавы для музыкаў.
Па словах Русі, такія прэцэдэнты з арганізацыяй канцэртаў здараюцца з Shuma нячаста. Маўляў, арганізатары, у тым ліку беларускія, звычайна дбаюць пра рэпутацыю. Shuma папрасіла арганізатараў Vulitsa Ezha больш ніколі не запрашаць іх на свой фэст.
Еўрарадыё звязалася з арганізатарам музычнай часткі Vulitsa Ezha Антонам Сіманковым.
"Як прадстаўнік фестывалю магу даць каментар, што абвінавачванні надуманыя. Больш разгорнуты каментар мы дадзім крыху пазней", — каротка пракаментаваў сітуацыю Сіманкоў.
Еўрарадыё працягвае сачыць за сітуацыяй.