Былы дырэктар мясакамбіната сцвярджае, што стаў ахвярай правакацыі міліцыі

На мінулым тыдні суд Мінскага раёна прызнаў цяпер ужо былога дырэктара Мінскага мясакамбіната Уладзіміра Лазоўскага вінаватым у атрыманні хабару ў буйным памеры. Ён быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права на 5 гадоў займаць арганізацыйна-распараджальныя пасады. Лазоўскі віны не прызнаў і збіраецца абскардзіць прысуд.



Паводле абвінавачання, дырэктар мясакамбіната ў красавіку 2013 года атрымаў хабар у памеры 4 тысячы долараў ад кіраўніка сталічнай будаўнічай кампаніі. Аднак сітуацыю кантралявалі аператыўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Яго затрымалі.


Як паведамляе "Ежедневник", Уладзімір Лазоўскі сцвярджае, што яго падставілі міліцыянты, якіх ён не задавольваў у якасці дырэктара мясакамбіната. Паводле яго слоў, аднойчы ад яго патрабавалі прадукцыю мясакамбіната "на свята", прычым бясплатна. Дырэктар жа адправіў госця з аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі купляць яе ў фірмовую краму прадпрыемства.


Цікава, што на судзе міліцыянт не адмаўляў факт візіту да дырэктара. Спачатку ён казаў, што хацеў атрымаць не бясплатную прадукцыю, а "больш якасную", а пасля змяніў паказанні. Ён заявіў, што ўдзельнічаў у аператыўных мерапрыемствах, каб праверыць атрыманую інфармацыю, датычную ўзаемаадносінаў прадпрыемства і чыноўнікаў.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі