Былы дырэктар ЖРЭА незаконна прыватызаваў 6-пакаёвую кватэру
Былы дырэктар Жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага аб'яднання Першамайскага раёна Мінска незаконна прыватызаваў 6-пакаёвую кватэру. Гарадская пракуратура распачала крымінальную справу. Экс-кіраўніка абвінавачваюць ва злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.
Як інфармуе прэс-служба Генпракуратуры, згаданая кватэра лічылася на балансе ЖРЭА. Былы яго кіраўнік загадаў аднаму з падначаленых падрыхтаваць і заключыць з ім тыповую дамову найму. Далей у гэтым жылым памяшканні былі зарэгістраваныя сваякі дырэктара. Адзін з іх і правёў незаконную прыватызацыю кватэры.
Адміністрацыя Першамайскага раёна ўжо прыняла меры па прызнанню несапраўднай дамовы куплі-продажу 6-пакаёвай кватэры на ўмовах прыватызацыі. У суд выстаўленая адпаведная іскавая заява.
Таксама было выяўлена, што экс-дырэктар з парушэннямі быў уключаны ў Жыллёвы будаўнічы спажывецкі кааператыў для будаўніцтва 3-пакаёвай кватэры.