Былы начальнік Ашмянскай мытні асуджаны на 7 гадоў зняволення
Мінскі абласны суд асудзіў былога начальніка Ашмянскай мытні на 7 гадоў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару.
Абвінавачанаму прызначылі канфіскацыю ўсёй маёмасці, пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў. Таксама ён пазбаўлены спецыяльнага звання дзяржаўнага дарадцы мытнай службы трэцяга рангу.
З былога начальніка мытні ў даход дзяржавы таксама будзе спагнана "за незаконнае ўзбагачэнне" больш за 238 млн рублёў і дзяржпошліна — амаль 12 млн.
Прысуд у законную сілу яшчэ не ўступіў і можа быць абскарджаны ва ўстаноўленым парадку.
Нагадаем, КДБ распачаў шэраг крымінальных спраў за атрыманне хабару ў пачатку 2015 года. Па іх праходзяць каля 30 чалавек — кіраўнікі і супрацоўнікі Ашмянскай мытні.
Фота: Fotolia