Былы пасол Украіны пра новага пасла: Ён здолее вырашыць усе праблемныя пытанні
Пасля больш чым двухгадовага перапынку прызначаны новы надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі, ім стаў Ігар Кізім. На думку былога пасла Украіны ў Беларусі Рамана Бяссмертнага, гэты дыпламат дасведчаны і добра знаёмы з сітуацыяй ў нашай краіне, здольны вырашыць усе праблемныя пытанні, што сёння стаяць “як паміж нашымі краінамі, так і перад нашымі краінамі”.
Раман Бяссмертны: “Сітуацыя ў свеце абвастраецца, трэба думаць і пра сітуацыю рэгіянальнай бяспекі, пра сістэму глабальнай бяспекі. Гэтыя пытанні па-рознаму стаяць перад Украінай і Беларуссю. Бо сёння Украіна і Беларусь, на жаль, у розных арганізацыйных і вайскова-палітычных структурах. Але гісторыя сведчыць, што альбо мы знаходзім хуткае рашэнне ўзаемадзеяння ў сістэме краін Міжмор’я і разам будуем сваю незалежнасць, альбо нас увесь час дзеляць і тым ці іншым спосабам каланізуюць”.
Па словах Бяссмертнага, не варта звяртаць асаблівай увагі на тое, што так доўга, з пачатку 2015 года, Кіеў не прызначаў ў Мінску новага пасла. Такія “паўзы” ― звычайная практыка кіраўніцтва Украіны. Гэты час выкарыстоўваецца на тое, каб “пратэставаць людзей, правесці свайго роду кастынг”. У выніку, кажа Бяссмертны, Беларусі “дастаўся” годны пасол.
Раман Бяссмертны: “Тое, што ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва вельмі важнае ― гэта відавочна. Прычым, важнае для абодвух нашых краін і менавіта цяпер. Але тут ўсё залежыць не ад Украіны, а да таго, наколькі палітычнай волі хопіць у кіраўніцтва Беларусі, каб прымаць самастойныя рашэнні ў гэтай галіне”.
Даведка: Ігар Кізім пачынаў працу ў МЗС Украіны стажорам, З 1996 па 2000 гады займаў пасаду першага сакратара пасольства Украіны ў Францыі, з 2001 па 2003 ― у Нігерыі. З 2004 па 2007 ― дарадца Дэпартамента кантролю над узбраеннямі і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, а з 2007 па 2011 ― дарадца пасольства Украіны ў Канадзе. Пасля ― начальнік аддзела NATO Дэпартамента міжнароднай бяспекі МЗС Украіны. Да 2016 года працаваў дарадцам-пасланнікам пасольства Украіны ў Вялікабрытаніі. Мае вопыт працы ў галіне міжнароднай бяспекі і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Па словах Рамана Бяссмертнага, сёння гэта вельмі важныя пытанні ва ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі.
Калі новы надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны прыедзе ў Мінск, пакуль не паведамляецца.