Б'ёрндален: Домрачава атрымае прапанову заняцца палітыкай
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца фанатам біятланісткі Дар'і Домрачавай. Пра гэта яе муж, васьміразовы алімпійскі чэмпіён Уле-Эйнар Б'ёрндален распавёў у інтэрв'ю расійскай журналістцы Марыі Каманднай для шоу COMMANDOS.
"Мы бачыліся з Лукашэнкам, ён фанат маёй жонкі. І проста вялікі фанат біятлона. Ці стане Домрачава прэзідэнтам Беларусі? Не думаю, што гэта здарыцца. Яна атрымае прапанову пайсці ў палітыку, але не ўпэўнены, што прыме яго", — распавёў спартовец.
Б'ёрндален паведаміў, што яны з жонкай жывуць у Беларусі час ад часу па пары тыдняў. Большую частку года сям'я жыве ў Нарвегіі ды Аўстрыі, а таксама шмат падарожнічае.
"Практычна ўсе працы па доме пад Мінскам завершаныя, але яго больш будуе сям'я Дар'і. Яе сваякі — выдатныя архітэктары, таму я не кірую будаўніцтвам. Хутчэй, гэта справа Дар'і ды яе сям'і", — паведаміў ён пра жытло ў Беларусі.
На пытанне, ці не плануе Б'ёрндален атрымаць беларускі пашпарт, ён адказаў дыпламатычна: "Паглядзім. Нам падабаецца гэтае месца — залежыць ад таго, чым я буду займацца".
Біятланіст распавёў, што яму падабаюцца беларускія стравы — яны падобныя да нарвежскіх: "Гэта бульбяная краіна — Нарвегія таксама была такой. Я памятаю часы, калі Нарвегія была вельмі беднай. Нафту знайшлі толькі 25 гадоў таму, да гэтага мы былі вельмі бедныя. Я ж з сям'і фермера, я ведаю, як важная кожная бульбіна на стале. І мне вельмі падабаецца традыцыйная беларуская кухня".
Улюбёнай беларускай стравай Б'ёрндален назваў дранікі. "Дар'я гатуе боршч, але я не вялікі прыхільнік баршчу", — прызнаўся ён. Таксама дадаў, што яму ў Беларусі падабаецца мяса. А вось рыба, па яго словах, у паўночных краінах значна лепшая, чым у Беларусі. "Мяса — проста фантастычнае, і яшчэ тут шмат смачных супоў", — заявіў спартовец.