Церашковец: Глядзіш на здымак, і ў цябе проста адвісае сківіца
Беларускі фатограф Павел Церашковец увайшоў у лік пераможцаў конкурса National Geographic.
У ім удзельнічала каля 3000 прац ад аўтараў з усяго свету. Але здымак беларуса "зачапіў" удзельнікаў журы. З Паўлам Церашкоўцам Еўрарадыё паразмаўляла ў жывым эфіры.
Еўрарадыё: У вас было так шмат канкурэнтаў...
Павел Церашковец: Насамрэч, я даволі часта пасылаю свае работы на розныя конкурсы. Гэта быў проста адзін з конкурсаў. Асаблівай увагі я не звяртаў на тое, што гэта “National Geographic”. Проста паслаў фатаграфію. А ўжо напрыканцы даведаўся, што там было каля 3 тысяч дасланых работ.
Еўрарадыё: І якая будзе ўзнагарода за вашу перамогу?
Павел Церашковец: Там розныя прызы будуць уручаныя. У мяне, мяркуючы па ўсім, будзе нейкі залаты, мега-круты атлас “National Geographic” за 200 баксаў. І фірменная сумка са скуры для фотаапарата. Буду хадзіць з ёю, усіх фатаграфаваць і падарожнічаць.
Еўрарадыё: А якім тэматычна быў здымак-пераможца, што на ім было?
Павал Церашковец: На ім дзяўчынка стаіць у зімовым, заснежаным полі, а на заднім плане — мінская ЦЭЦ. І адтуль ідзе чорны-чорны дым. Гэта чорна-белы здымак.
Еўрарадыё: На конкурсе былі тры намінацыі: цуды, рашэнні і праблемы. Вы перамаглі ў "праблемах". Няўжо ў Беларусі "цудаў" і "рашэнняў" вы не знайшлі?
Павел Церашковец: Нейкія цікавыя пэўныя рашэнні ёсць, вядома, але ў нас гэта не так развіта. Скажам, каб у нас былі вялікія палі і там стаяла многа ветракоў, я абавязкова туды пайшоў бы, таксама паставіў бы там дзяўчынку, зрабіў здымак і сказаў: “Вось, хлопцы, гэта “рашэнне” пэўных экалагічных праблем”. А так, далёка не ходзячы, я выйшаў у поле, убачыў такую штуку і зрабіў такі кадр.
Еўрарадыё: Павел, на вашу думку, што самае істотнае ў добрым фотаздымку?
Павел Церашковец: Я лічу, што самае галоўнае ў фотаздымку — гэта нешта няўлоўнае. Патлумачыць гэта вельмі цяжка. Для таго, каб стаць хаця б добрым фатографам, для гэтага трэба праглядаць шмат здымкаў іншых аўтараў, якія табе падабаюцца. І не проста іх праглядаць, а спрабаваць зразумець, што ў гэтых здымках адметнага. Насамрэч, гэта бывае вельмі складана: ты глядзіш на здымак, у цябе проста адвісае сківіца ад таго, які ён “круты”. Але ты сядзіш і не можаш зразумець, што ў ім ёсць такога, што цябе так “чапляе”.
Сайт Паўла Церашкоўца можна паглядзець тут
Фота — generation.by