Чаму “20 дзён у Марыупалі” цалкам заслужана атрымаў "Оскара"
Першы украінскі фільм, які атрымаў "Оскар"
Падчас цырымоніі ўручэння прэміі “Оскар”, якая прайшла сёння ў лос-анджэлескім кінатэатры “Долбі”, дакументальная стужка “20 дзён у Марыупалі” ўкраінскага відэографа, рэжысёра Мсціслава Чарнова была названа найлепшай. Як гэта і прадказвала папярэдне Еўрарадыё.
Расказваем, пра што гэтае кіно, дзе яго глядзець і чаму яно цалкам заслужана перамагло ў конкурсе.
Мастацкі твор і кінадакумент злачынстваў расійскага войска
Як відаць з назвы, фільм дэманструе толькі першыя 20 з 86 дзён аблогі цалкам акупанавага на гэты момант Марыупаля — буйнога партовага і прамысловага горада Данецкай вобласці. Падзеі разгортваюцца ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, у лютым — сакавіку 2022 года. Відэограф агенцтва Associated Press Мсціслаў Чарноў і фотажурналіст Яўген Малалетка на той момант працавалі ў горадзе да моманту, пакуль не давялося аператыўна эвакуявацца.
Стужка ў кінематаграфічным сэнсе выглядае жвава і нават захапляльна, калі не ведаць, што ўсё, што адбываецца на экране, — зламаныя лёсы і невыносныя пакуты жывых людзей.
Расійская артылерыя бамбіць жылыя шматпавярховікі, бальніцу і радзільню, школы і тэатры. Танкі з маркіроўкай Z руйнуюць ускраек горада. Марыупальская тэрабарона хаваецца ад знішчальнікаў расійскага войска. Гінуць дарослыя і дзеці, плачуць параненыя і выжылыя. Апакалісіс надышоў.
Глядзець “20 дзён у Марыупалі” на фізічным узроўні вельмі складана. У пэўны момант разумееш, што эмацыйны рэгістр проста зашкальвае ад успрыняцця і перапрацоўкі ўсяго таго болю і пакут жыхароў горада, якія нясуцца на цябе з экрана. І ніякіх словаў не хопіць, каб пераказаць убачанае.
Праз сабраны Чарновым сапраўды ўнікальны матэрыял і эсэістычную закадравую форму аповеду атрымалася адлюстраваць усю глыбіню трагедыі Марыупаля, яшчэ нядаўна мірнага і ўтульнага постсавецкага горада, які цалкам быў зруйнаваны. Таму фільм бліжэй да канца пачынае нагадваць біблейскае палатно, толькі замест стварэння свету за 7 дзён чалавек цалкам знішчае горад за дваццаць.
Ні зразумець, ні дараваць убачаныя злачынствы і гора проста немагчыма. Напэўна, гэты жах і боль можа толькі прытупіцца, калі яго сведкі пойдуць з жыцця натуральным чынам праз дзясяткі гадоў. Вайна кожны раз вяртаецца да нас, і трэба быць да яе гатовымі.
За што далі "Оскар"
Шмат хто прыхільнікаў пазіцыі "не ўсё так відавочна" скажа, што першы "Оскар" у гісторыі Украіны — гэта цалкам палітычнае рашэнне, якое не мае ніякага дачынення да мастацтва.
Гэта памылковае меркаванне, якое мае пад сабой пэўны грунт для маніпуляцый. Сапраўды, фільмы на вострасацыяльныя і палітычныя тэмы перыядычна атрымліваюць узнагароды ў дакументальнай намінацыі на “Оскар”.
Дастаткова ўспомніць публіцыстычную стужку “Навальны” амерыканца Дэніэла Роера, прысвечаную забітаму ў турме расійскаму апазіцыянеру Аляксею Навальнаму, якую ўзнагародзілі год таму. На момант правядзення цырымоніі ўжо адбылося ўварванне, і ў конкурсе была стужка пра наступствы вайны ва Украіне — міжнародны праект "Дом з аскепкаў" дацкага рэжысёра Саймана Вільманта. Але перамога адышла праекту "Навальны".
Да таго ж грамадзяне ЗША, якімі з’яўляюцца чальцы Амерыканскай кінаакадэміі, усё яшчэ моцна падтрымліваюць Украіну ў змаганні за яе самастойнасць, што ярка дэманструе сацыялогія.
Але нягледзячы на ўсю сімпатыю амерыканцаў да Украіны, не трэба забываць, што фільм прайшоў гіганцкі фільтр міжнародных экспертаў. “20 дзён у Марыупалі” ўдзельнічаў і быў узнагароджаны на фестывалях Sundance, CPH:DOX, прэміямі “Бафта”, “Готэм”, “Спутнік” і г.д.
Таму нават калі паверыць тэорыі змовы пра тое, што фільм атрымаў прыз на “Оскары” праз палітыку, такая вялікая колькасць узнагарод даказвае, што гэта цалкам заканамерна.
Дзе глядзець
У беларускіх кінатэатрах “20 дзён у Марыупалі” дакладна не з’явіцца праз палітычную цэнзуру з боку рэжыму.
Таму варта шукаць стужку на афіцыйных стрымінг-пляцоўках. І іх даволі шмат:
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.