Чаму для атрымання візы трэба адстаяць вялікую чаргу?

Ля чэшскай амбасады — 200 чалавек, польскай – 250, а літоўскай – больш за 1000.
Беларусы вымушаныя суткамі дзяжурыць ля амабасадаў, каб здаць дакументы на атрыманне візаў. Так, вялікія чэргі стаяць, да прыкладу, каля чэшскай, польскай і літоўскай амбасадаў. Еўрапейскае радыё вырашыла разабрацца ў прычынах узнікнення “крызіснай” сітуацыі з атрыманнем віз у гэтыя краіны.

Ершы Карас, консул чэшскай амбасады, кажа, што супрацоўнікі іх візавага аддзела не здольныя прымаць больш за 150 чалавек у дзень. Гэта — мяжа іх магчымасцяў. Нягледзячы на тое, што “ажыятажная” сітуацыя з візамі паўтараецца не першы год і сёння каля амбасады стаіць каля 200 чалавек.

Ершы Карас: “Заўсёды ў ліпені шмат людзей прыходзіць. Потым – у канцы года. Што мне вам сказаць… Мы робім усё, што ў нашых сілах”.

Выязджаючым у Чэхію консул параіў папярэдне наведаць іх сайт і атрымаць усю неабходную інфармацыю пра тэрміны звароту і патрабаванні. Гэта, кажа, пазбавіць неабходнасці прыязджаць у амбасаду некалькі разоў.

Каля польскай амбасады чарга прыблізна з 250-300 чалавек. Прэс-сакратар Моніка Садкоўска расказала Еўрарадыё, што яшчэ ў пачатку года яны праводзілі прэс-канферэнцыю, дзе раілі пачынаць афармленне дакументаў за 2 тыдні да запланаванай паездкі.

Моніка Садкоўска: “Лепш за ўсё, каб быць упэўненым, што чалавек паспее атрымаць візу, афармляць дакументы загадзя. Хаця б за два тыдні”.

Зараз, кажа прэс-сакратар амбасады, шмат групавых заявак. Едуць рыцары на турнір, прысвечаны Грунвальдскай бітве. Едуць музыкі на фестываль “Басовішча”, спартоўцы на спаборніцтвы. Да 150 пашпартоў у дзень прыносяць з турфірмаў.

Моніка Садкоўска: “І атрымліваецца так, што дзесьці 450-500 віз у дзень консульскі аддзел афармляе. Гэта вельмі шмат”.

Супрацоўніца амбасады паведаміла, што консульскі аддзел на гэтым тыдні будзе працаваць даўжэй, чым звычайна. І ўпэўніла, што ў бліжэйшыя некалькі дзён чарга ля яго дзвярэй знікне.

Больш за ўсё жадаючых атрымаць візу стаіць каля літоўскай амбасады – больш за тысячу. Там летні “візавы ажыятаж” прадбачылі. Таму з 28 траўня пачалі эксперымент – запіс на прыём дакументаў рабілі па тэлефоне. Гэта прывяло да таго, што замест 150 у дзень пачало запісвацца да 250 чалавек. І на сённяшні дзень чарга жадаючых атрымаць візу ў Літву самастойна распісаная да 5 жніўня.

11 ліпеня карэспандэнту Еўрарадыё дазваніцца ў літоўскую амбасаду, каб даведацца, як там мяркуюць пазбавіцца чаргі, не ўдалося. Тэлефоны ўвесь час былі занятыя.

Атрымаць візу без псавання нерваў і губляння часу прапануюць турфірмы. Безумоўна, кошт турфірмаўскай візы адрозніваецца ад атрыманай самастойна ў некалькі разоў. Але галоўнае – своечасова аформіць дакумент. Ці гарантуюць гэта турыстычныя аператары?

Людміла Шлык, дырэктар турфірмы “Гелена”, кажа, што ў іх праблемаў са своечасовым атрыманнем выязных дакументаў ніколі не ўзнікае. Галоўнае -- выконваць усе патрабаванні кансулятаў.

Людміла Шлык: “Мы ходзім па графіку, па той колькасці, якую нам прызначаюць, і дакладна выконваем усе патрабаванні. Мы дакладна кіруемся тым, што кажа амбасада. І таксама дакладна вучым дзейнічаць сваіх кліентаў. Каб быў парадак як у падачы, так і ў забіранні дакументаў”.

На думку дырэктара турфірмы, стварэнне “візавага ажыятажу” і чэргаў ля консульскіх аддзелаў амбасадаў адбываецца толькі з-за неарганізаванасці і неінфармаванасці людзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі