Чаму Дзмітрый палез на будаўнічы кран: аб прычынах распавядаюць яго маці і сябры

Чаму Дзмітрый палез на будаўнічы кран: аб прычынах распавядаюць яго маці і сябры

Віцебскага хлопца, які 28 красавіка ўскараскаўся на будаўнічы вежавы кран у цэнтры Мінску, завуць Дзмітрый Сталяроў. Яму 25. Сталяроў— віцебскі майстар-аддзелачнік. Мяркуючы па ўсім, добрага ўзроўню. Два гады таму ён браў удзел у нацыянальным прафесійным конкурсе.

Дзмітрый чатыры з паловай гадзіны прабыў на кране, пакуль праваахоўнікі не знайшлі спосаб выманіць яго ўніз. На вачах у дзясяткаў СМІ была праведзена аперацыя па яго затрыманні. Тут жа ад мінскай міліцыі з’явілася папярэдняя інфармацыя, што нібыта Сталяроў меў судзімасці.

Сам Дзмітрый не паспеў нічога патлумачыць журналістам. Але яго мама і блізкія сябры распавядаюць Еўрарадыё, з чаго ўсё пачалося, і як барацьба за справядлівасць абярнулася для хлопца бядой.

Мужчына пагражае скочыць з вежавага крана на стадыёне "Дынама" ў Мінску

Чаму Дзмітрый палез на будаўнічы кран: аб прычынах распавядаюць яго маці і сябры

“Запісваўся на прыёмы да чыноўнікаў, але натыкаўся на сцяну неразумення”

 

Сталяроў, як кажуць яго блізкія, часта сутыкаўся з падманам, яго не аднойчы “кідалі” з заробкамі. Некалькі месяцаў таму Дзмітрый выйграў суд супраць адной з будаўнічых кампаній. Але ўсё адно грошы не атрымаў. Мяркуючы па ўсім, шукаць справядлівасці ён вырашыў у сталіцы, але дэталяў не ведаюць ні бацькі, якія пачулі аб гісторыі з будаўнічым кранам ад Еўрарадыё, ні сябры.

“У пошуках справядлівасці Дзіма запісваўся на прыёмы да ўсіх кампетэнтных віцебскіх чыноўнікаў, але заўжды натыкаўся на сцяну неразумення. А апошнім часам ён казаў: “Трэба ехаць у Мінск, трэба ехаць у Мінск”. А я адказвала: “Не выдумляй, справядлівасці не даб’ешся”. Што ён планаваў рабіць у Мінску, я не ведаю. Не так даўно падзяліўся наіўнай думкай, што хацеў бы пагутарыць з Лукашэнкам, да якога ставіцца з сімпатыяй. Але Лукашэнка пра гэта нават не даведаецца”, — праз слёзы кажа Любоў Генадзьеўна, мама Дзмітрыя Сталярова. 

Еўрарадыё: З якімі праблемамі сутыкнуўся ваш сын?

Любоў Сталярова: Паўтара года таму ён арганізаваў ІП. Меў сваю брыгаду. Будавалі ў Віцебску гіпермаркет, і ім не заплацілі. Таму сын падаў у суд і выйграў. На ўсю яго брыгаду павінны былі выплаціць 64 мільёны рублёў. Але не выплачвалі. А пакуль былі судовыя разбіральніцтвы, з працай і грашыма з-за крызісу былі вялікія цяжкасці. Падатак за ІП плаціць не было чым, набегла 25 мільёнаў запазычанасці. І ён не пагашаў гэту суму. Таксама не плаціў штрафы ў ДАІ. “Пакуль мне не выплацяць тое, што павінны, пакуль дзяржава не ўзновіць мае правы, пагашаць нічога прынцыпова не буду”, — так ён казаў. Ён хадзіў ва ўсе інстанцыі, нідзе не мог прабіцца. А потым увогуле трапіў пад следства.

Еўрарадыё: Што здарылася?

Любоў Сталярова: Працаваў будаўніком у прыдарожным сервісе непадалёк ад Віцебска. Хадзілі ў начныя змены. Два месяцы ім не выплачвалі зарплату. Дзімка ў нас без пачуцця страху. Ён са сваімі хлопцамі пайшоў і скраў інструмент на 18 мільёнаў. Таму ён знаходзіцца пад следствам з сярэдзіны лютага. Яму ўвогуле нельга было выязджаць з Віцебска. 

Мужчыну са стадыёна "Дынама" затрымалі пераапранутыя сілавікі

Чаму Дзмітрый палез на будаўнічы кран: аб прычынах распавядаюць яго маці і сябры

“Тое, што ён палез на кран, мяне не здзіўляе. За праўду ён бы і на Месяц паляцеў”

 

Была ў Дзмітрыя Сталярова яшчэ адна жыццёвая праблема, з-за якой ён працяглы час моцна перажываў. Пра гэта Еўрарадыё расказаў яго блізкі сябар. Дзмітрый доўга сустракаўся з дзяўчынай, пара збіралася пабрацца шлюбам.

“Ён зрабіў ёй прапанову. Вяселле павінна было быць восенню 2014 года. Але з-за падманаў з заробкамі былі фінансавыя цяжкасці, таму вяселле перанеслі на вясну 2015 года. Потым ён захацеў яшчэ раз перанесці вяселле. Зноў-такі не было дастаткова грошай. І ў выніку яны разышліся”, — апавядае сумную гісторыю сябар Сталярова.

Чаму Дзмітрый палез на будаўнічы кран: аб прычынах распавядаюць яго маці і сябры

Апошнім часам Дзмітрый увесь час спрабаваў выйсці з крызіснага піке. Каб набыць новы інструмент, за 450 долараў прадаў машыну, якую купляў два гады таму за 4000. Наняўся да прыватніка, за 12-гадзінны працоўны дзень атрымліваў 200 тысяч рублёў. Але гэтага не хапала.

“Усё, што ён хацеў даказаць: за працу трэба плаціць. Дзіма ніколі не здаваўся, ён усё жыццё быў адчайны, без пачуцця страху. Займаўся лыжным спортам, скончыў вучылішча алімпійскага рэзерву, адслужыў у войску. Ён не прывык саступаць і ведаў сабе цану, — Любоў Сталярова спрабуе патлумачыць, чаму сын павёў сябе менавіта такім чынам. — Ён ставіцца сур’ёзна і да жыцця, і да працы. Не п’е, не курыць, ніколі не меў спраў з наркотыкамі. І яго сябры такія ж самыя. Яшчэ з часоў мастацкай школы ўсё рабіў вельмі акуратна, не падкапаешся. Я сама педагог. Калегі мне заўсёды казалі, што ў яго абвостранае пачуццё справядлівасці. Таму тое, што ён палез на кран, мяне не здзіўляе. За праўду ён бы і на Месяц паляцеў. Тым больш, што яго прыніжалі, не плацілі заслужаную зарплату. Такія людзі, як мой сын, павінны рухацца наперад і прыносіць карысць. І калі кіраўніком сядзіць нейкі бязмозглы прыдурак, які не дае раскрыцца такім людзям, падманвае, не плаціць зарплату, яны пачынаюць бунтаваць…”

Фота са старонак у сацсетках героя матэрыяла

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі