Дзмітрый з будаўнічага крана: “Мяне зразумелі і адпусцілі дадому”
Раніцай 29 красавіка адчайны віцебскі будаўнік Дзмітрый Сталяроў вяртаецца цягніком дадому. За дзень да гэтага на будаўніцтве стадыёна “Дынама” ён ладзіць дзёрзкую і эфектную акцыю пратэсту: лезе на высачэзны вежавы кран і патрабуе выплаты заробку. Увечары Сталяроў спускаецца на зямлю, яго затрымліваюць пераапранутыя сілавікі і вязуць у Ленінскае РУУС Мінска. Што адбывалася далей, герой гісторыі расказвае Еўрарадыё.
“Паставіліся да мяне з разуменнем. Я ім перадаў дакументы і расказаў аб сваёй праблеме ў падрабязнасцях. Некаторыя факты адразу ж пацвердзіліся. І мяне адпусцілі, паабяцалі, што разбяруцца, прымуць меры. Сеў на цягнік і раніцай быў ужо ў Віцебску. Сёння мне тэлефануюць з разнастайных праваахоўных органаў, збіраюць інфармацыю і паперы, каб аказаць мне юрыдычную дапамогу і прыняць меры”.
Мужчыну са стадыёна "Дынама" затрымалі пераапранутыя сілавікі
Еўрарадыё: Учора вы не змаглі расказаць журналістам, што падштурхнула вас да такога ўчынку. Было вядома толькі пра выйграны вамі суд і што вам так і не вярнулі грошы.
Дзмітрый Сталяроў: Праблема ў тым, што будаўнічыя фірмы падманваюць людзей, якія працуюць не першы дзень і робяць справу якасна, сумленна. З ААТ “ДзвенскБуд” я судзіўся каля сямі месяцаў. Там было шмат пытанняў, спачатку справу пакідалі без разгляду. У выніку па адной з заяваў было рашэнне (брыгадзе Сталярова пастанавілі сплаціць 64 мільёны — Еўрарадыё). Але мер па выняцці гэтых грошай не праводзілася. Інвестар не плаціў генпадрадчыку. Генпадрадчык, у сваю чаргу, не плаціць мне. Фірма падала на ліквідацыю. Судовыя выканаўцы разводзілі рукамі.
Я здзейсніў крадзёж. Што тут утойваць? Аднак самі разумееце, што мяне падштурхнула на гэтае правапарушэнне, нават злачынства, можна сказаць.
Еўрарадыё: Гэта адзіная прычына, чаму вы паехалі ў Мінск?
Дзмітрый Сталяроў: З фактамі несправядлівасці мы сутыкнуліся і ў ТАА “Зорбуд”. Грошы выплацілі, але не ўсе. Я працу сваю выканаў добра, а яны не палічылі патрэбным нармальна расплаціцца, скарысталіся цяжкім часам, калі няпроста весці бізнес. Але і гэта не ўсё… Больш за месяц я і яшчэ адзін таварыш працавалі з ААТ "Юніт-Альянс". І там з намі не разлічыліся, звольнілі вельмі дзіўным чынам. Карацей, у маім жыцці была вельмі працяглая чорная паласа.
Еўрарадыё: З падачы мінскай міліцыі разышлася інфармацыя, што вы — раней судзімы.
Дзмітрый Сталяроў: Гэта няпраўда. Судзімы — гэта калі ёсць рашэнне суда. У мяне яшчэ суда не было. Я зараз праходжу па справе як абвінавачаны. Мяркую, што тыдні праз два пачнецца суд.
Еўрарадыё: У чым акалічнасці гэтай крымінальнай справы?
Дзмітрый Сталяроў: Гэта звязана з фірмай “Зорбуд”, пра якую я вам ужо расказваў.
Еўрарадыё: Наколькі вядома, вам не выплачвалі зарплату, і вы вырашылі прыхапіць іх будаўнічы інструмент…
Дзмітрый Сталяроў: Калі быць дакладным, то здзейсніў крадзеж. Гэты ўчынак кваліфікавалі па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса.
Еўрарадыё: Упершыню чуем, каб абвінавачаны вось так проста казаў, што здзейсніў крадзеж.
Дзмітрый Сталяроў: Гэта ўжо ўстаноўлена. Ёсць пэўныя факты. Што тут утойваць? Жыццё не такое доўгае, каб я вас падманваў. Аднак самі разумееце, што мяне падштурхнула здзейсніць гэтае правапарушэнне, нават злачынства, можна сказаць.
Еўрарадыё: Ці праўда, што вы служылі ў АМАПе?
Дзмітрый Сталяроў: Пасля войска чатыры месяцы быў там на стажыроўцы. Уладкоўваўся на службу, але ў выніку туды не трапіў. Потым жыццё з міліцыяй вырашыў не звязваць і пайшоў у будаўнічую сферу.