Будаўнік, які пратэставаў на вежавым кране, не атрымаў тэрмін за крадзеж

Будаўнік, які пратэставаў на вежавым кране, не атрымаў тэрмін за крадзеж

Вядомага віцебскага будаўніка Дзмітрыя Сталярова мусілі судзіць за крадзеж і разбой. Крымінальная гісторыя, пра якую вядзецца гаворка, здарылася яшчэ да таго, як ён прыехаў у Мінск, залез на вежавы кран і перад аб’ектывамі дзясяткаў камер патрабаваў выплаты заробку.

Сам Сталяроў шчыра прызнаўся Еўрарадыё, што вырашыў скрасці працоўны інструмент, не атрымаўшы заробку на прадпрыемстве “ЗорБуд”. Падчас “аперацыі” на шляху Дзмітрыя стаў ахоўнік Уладзімір Краўчук. Ахоўнік быў “нейтралізаваны” газавым балончыкам у вочы.

Здавалася б, абвінаваўчага прысуду Сталярову не абмінуць і ён атрымае ад 6 да 15 з канфіскацыяй. Але замест гэтага справа скончылася…штрафам.

Будаўнік, які пратэставаў на вежавым кране, не атрымаў тэрмін за крадзеж

Прававы цуд

 

Дзмітрый Сталяроў ужо не дае інтэрв’ю гэтак жа ахвотна, як раней. Таму звязваемся з яго маці.

“Даўно закрытыя ўсе справы. Ніякіх судоў не было, я сама пастанову чытала. Штраф далі яму адміністратыўны, 15 базавых, і ўсё”, — паведамляе Любоў Сталярова.

Але як маглі закрыць крымінальную справу, якая ўжо трапіла ў суд? Можа, гэта жарт?

“Справу па сутнасці не разглядалі. Прысуд не пастанаўляўся. Матэрыялы справы, у якіх былі недакладнасці, былі адпраўленыя пракурору вобласці”, — кажа Еўрарадыё Ірына Кукішава, памочнік старшыні суда Віцебскага раёна.

Звязваемся з упраўленнем следчага камітэта па Віцебску. Даведваемся, што матэрыялы справы да іх на новае расследаванне не паступалі.

 

Пракуратура: “Каментаваць нічога не будзем”

 

Вылазкай на вежавы кран у Мінску Сталяроў многіх прымусіў сябе паважаць. Той пратэст ў літаральным сэнсе змяніў яго жыццё. Чакалася, што мужчыне як мінімум дадуць тэрмін за хуліганства. Але пасля затрымання яго тут жа выпускаюць. Парушэння ўмоваў “хатняй хіміі” таксама не заўважаюць. Праз лічаныя дні ААТ “Дзвенскбуд”, якое не вяртала будаўніку грошы, пералічвае яму каля 40 мільёнаў.

І вось крымінальная справа наконт крадзяжу і разбою таксама сплывае, як быццам яе не было.

Канчатковае рашэнне прымаў Віцебскі абласны пракурор Генадзь Дыско. Спрабуем высветліць, якімі законамі кіраваліся праваахоўнікі, раз Сталяроў абышоўся толькі штрафам. Начальнік аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Раман Чудакоў раіцца з пракурорам і адказвае на пытанне Еўрарадыё такім чынам:

Мы каментаваць нічога не будзем, гэта закранае асабістыя інтарэсы грамадзяніна Сталярова. Вы можаце звярнуцца да яго і, калі ён палічыць патрэбным пракаментаваць рашэнне пракуратуры, ён гэта зробіць. Мы прынялі рашэнне з улікам хадайніцтваў, заяўленых Сталяровым”.

Чудакоў удакладняе, што суд надзелены паўнамоцтвамі ў пэўных сітуацыях вяртаць матэрыялы справы пракурору.

Але ж Дзмітрый Сталяроў сам прызнаваўся Еўрарадыё ў нападзенні на ахоўніка і крадзяжы!

На думку пракурорскага работніка, Сталяроў у прызнанні СМІ падаў сітуацыю… неаб’ектыўна.

Выходзіць, калі верыць праваахоўнікам, віцебскі будаўнік наконт крадзяжу тэхнікі сам сябе агаварыў. Унікальны выпадак!

 

“Не раскрытыя прыкметы злачынства…”

 

Уся гэтая сітуацыя, мякка кажучы, вельмі здзівіла ахоўніка Уладзіміра Краўчука, які атрымаў ад Сталярова газам у вочы. У афіцыйных дакументах з Віцебскай абласной пракуратуры пацярпеламу паведамілі, што матэрыялы справы былі накіраваныя з суда ў пракуратуру “для ліквідацыі перашкод у разглядзе справы”.

“Абвінавачванне не канкрэтызаванае, не раскрытыя прыкметы злачынства, што з’яўляецца парушэннем права абвінавачанага на абарону”, — сказана ў паперы з пракуратуры, якую атрымаў Краўчук.

Тым часам, як расказала Еўрарадыё маці Дзмітрыя Сталярова, чорная паласа ў яго жыцці скончылася, нарэшце сын можа нармальна развіваць сваю ўласную будаўнічую справу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі