Чаму гуляць з Катарам беларусам будзе цяжэй, чым з бразільцамі

Апошні спадзеў нацыянальнай зборнай Беларусі па гандболе, каб прайсці кваліфікацыю чэмпіяната свету, — гэта перамагчы каманды Чылі і Катара.

Нагадаем, што нашы хлопцы ўжо тройчы прайгралі на стадыі кваліфікацыі. І калі ў першай гульні яны далі годны бой дзейным чэмпіёнам свету іспанцам, то потым без варыянтаў саступілі славенцам і, да жалю, бразільцам.

Цяпер трэба перамагаць чылійцаў (гэта задача цалкам выканальная) і гаспадароў спаборніцтваў — катарцаў (з перавагай у шэсць мячоў пры ўмове, што гэта каманда прайграе іспанцам і славенцам).

Няўжо беларусы не справяцца з арабскай зборнай? Арабы ж па ідэі не маюць такіх гандбольных традыцый, як мы!

“На дадзены момант у асноўным складзе гэтай каманды гуляе некалькі катарцаў. А астатнія — гэта этнічныя еўрапейцы, якія прынялі катарскае грамадзянства і гуляюць за іх зборную”, — апісвае сітуацыю адміністратар з Беларускай федэрацыі гандболу Таццяна Пустаход, якая знаходзіцца з нашай зборнай у Катары (гутарка адбывалася да таго, як нашы саступілі бразільцам).

Праглядаючы склад катарскай зборнай, разумееш, што і сапраўды беларусаў чакае няпростае выпрабаванне. Да прыкладу, іх галкіпер Даніэль Шарыч выступае за Барселону. А мацёры Борха Відаль усё жыццё гуляў у топавай іспанскай лізе, а да натуралізацыі  — у французскім “Нанце”. І такіх легіянераў у зборнай Катара — восем чалавек.

Не дзіўна, што ў 2014 годзе такая зборная Катара без праблем стала чэмпіёнам Азіі.
У сераду 21-га студзеня зборная Беларусі згуляе з чылійцамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі