Канаплёў просіць дазволіць беларускім гандбалістам гуляць з камандамі з Афрыкі
Уладзімір Канаплёў / noc.by
Старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў напісаў ліст кіраўніку Міжнароднай федэрацыі гандбола Хасану Мустафе, просіць дазволіць беларускім гандбалістам гуляць хоць бы з камандамі з Афрыкі, Азіі, Блізкага Усходу. Гаворка ідзе аб міжнародных таварыскіх турнірах і матчах.
"Сваёй пастановай ад 4 сакавіка 2022 года ІГФ фактычна забараніла камандам з іншых краін гуляць з нашымі клубамі і зборнымі, хоць самі спартоўцы з гэтых краін гатовыя і хочуць гуляць з намі", — піша Канаплёў. Ліст апублікаваны на сайце Беларускай федэрацыі гандбола. Паводле яго слоў, перспектыўныя спартсмены і трэнеры сыходзяць, у спартыўных школах недаборы. Канаплёў просіць кіраўніка Міжнароднай федэрацыі гандбола "вывучыць практыку працы вышэйзгаданых федэрацый і не рабіць нас ізгоямі ва ўсёй спартыўнай супольнасці". Ён сцвярджае, што "ні адзін беларускі гандбаліст ні ў якіх ваенных дзеяннях удзелу не прымае". Больш за тое, "усе мы вельмі шкадуем аб тым, што адбываецца, па-чалавечы перажываем і жадаем усім народам толькі міру". І далей "у імя перамогі міру і гуманістычных ідэалаў" Канаплёў просіць кіраўніка Міжнароднай федэрацыі гандбола адклікаць або зняць існуючыя забароны і дазволіць камандам з Афрыкі, Азіі, Блізкага Усходу "гуляць з намі хоць бы ў міжнародных таварыскіх матчах і турнірах".
Нагадаем, пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны Еўрапейская федэрацыя гандбола адхіліла Беларусь і Расію ад удзелу ў турнірах пад сваёй эгідай. Акрамя таго МАК рэкамендаваў арганізатарам спаборніцтваў не дапускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў спаборніцтвах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.