Чаму надрукавалі новую 500-рублёвую банкноту, роўную сённяшнім 5 мільёнам?
Нечаканая навіна пра дэнамінацыю беларускага рубля з 1 ліпеня 2016 года выклікала шэраг пытанняў. Адзін з іх — чаму ў абарачэнне ўводзяцца па сапраўднаму буйныя банкноты.
Новая 500-рублёўка ў пераліку на сённяшнія грошы — гэта аж 5 мільёнаў. Нагадаем, што сёння самая буйная банкнота — 200 000 рублёў. Пасля дэнамінацыі гэта будзе 20 рублёў. А апроч дваццаткі будуць банкноты ў 50, 100, 200, 500 рублёў.
Няўжо дзяржаўныя эканамісты такім чынам прагназуюць буйную інфляцыю?
Цікавімся прычынамі ўводу ў абарачэнне буйных банкнот ў прэс-службе Нацбанку.
“На гэтае пытанне вам не адкажам. Заўтра будзе прэс-канферэнцыя з удзелам намесніка старшыні праўлення Нацыянальнага банка, зможаце задаць гэта пытанне яму”, — так адказваюць у прэс-службе.
Яшчэ адна версія выхаду ў абарачэнне буйных банкнот — паляпшэнне рэпутацыі нашага рубля. Раней беларусаў здзекліва называлі “мільянерамі”, бо кожны зарабляў больш за мільён. Цяпер далёка не кожны будзе мець зарплату ў новыя 500 рублёў. Нацыянальная валюта стане выглядаць больш салідна.
Фота: Нацбанк