Часцей за ўсё прытулак у ЕС просяць грамадзяне Расіі

Еўрапейскія СМІ не перастаюць абмяркоўваць, што рабіць са шматлікімі ўцекачамі, якіх едзе ў Еўрасаюз усё болей і болей.

Der Spiegel распавядае пра Адама з Грознага, які накіроўваецца ў Германію, а маці зычыць яму ніколі больш не вяртацца. Калі паглядзець на статыстыку, то гэта даволі тыповая чачэнская гісторыя.

Der Spiegel: “Гэта трэцяя хваля ўцекачоў, выкліканая дзвюма чачэнскімі войнамі. Гэта здаецца яшчэ больш жудасным, калі ўлічыць, што зараз ніякіх баявых дзеянняў не вядзецца. За першыя сем месяцаў гэтага года 10 тысяч чачэнцаў папрасілі прытулак у нямецкіх дзяржаўных установах амаль утрая больш, чым за ўвесь мінулы год”.

Выхадцы з паўночна-каўказскай рэспублікі з насельніцтвам менш за паўтара мільёна нечакана занялі першае месца ў нямецкай статыстыцы па ўцекачах. Чачэнцаў прыязджае здавацца больш, чым жыхароў Сірыі і Афганістану, якія ахопленыя грамадзянскімі войнамі, разам узятых.

Хіба што, дзякуючы чачэнцам Расія займае сумнае першае месца і ў “агульным рэйтынгу”.

“Статыстыка, апублікаваная Еўрастатам, паказвае, што за першыя тры месяцы 2013 года 8 435 расіян прасілі прытулак у ЕС. Палова з іх не маюць 18 гадоў. У той час як з Сірыі, якая пакутуе ад грамадзянскай вайны, у дзверы ЕС пагрукаліся 8395 чалавек”, — адрапартаваў не так даўно Euobserver.

Чачэнцы з’яўляюцца выклікам для нямецкіх уладаў, сцвярджае Der Spiegel. Бо трэба разабрацца, хто прыехаў у Германію выключна па грошы, хто з’яўляецца ісламістам і схільны да гвалту, а хто сапраўды патрабуе абароны.

Тым часам вялікая заангажаванасць у праблемы прыезджых падабаецца не ўсім немцам. Нядаўна 150 ультраправых правялі дэманстрацыю ў Берліне супраць новага прытулку для ўцекачоў.

А вось у суседняй Швейцарыі пратэстуюць… самі ўцекачы. Яны пакінулі ваеннае сховішча ў вёсцы Кестэнхольц, якое мясцовыя ўлады выкарыстоўваюць як часовае пасяленне для тых, хто шукае прытулку. Не спадабаліся ўмовы. Меркаванні швейцарцаў падзяліліся: хтосьці быў абураны пратэстам няпрошаных гасцей, а хтосьці заклікаў праявіць да іх спачуванне.

Дарэчы, шмат уцекачоў трапляе ў ЕС транзітам праз Беларусь, уязджаючы праз Польшчу — напрыклад, тыя ж чачэнцы. Амаль усе імкнуцца на Захад, і сама Польшча іх не вельмі цікавіць. Але і тут ужо некаторыя пачалі нервавацца.

“Мы не можам дапусціць сітуацыю, якая назіраецца ў Заходняй Еўропе, забітай мільёнамі мусульманаў і іншых жыхароў з краін трэцяга свету. Ужо сёння на вуліцах Лондана, Парыжа, Мадрыда і Амстэрдама даходзіць да забойстваў у імя ісламу, а ў дзіцячых садках і школах карэннае насельніцтва ў меншасці”, не шкадуе радыкальных выразаў у сваім інтэрнэт-звароце польскі “Нацыянальны рух”.

Вядома, што на іншым баку ЕС бясконцая плынь мігрантаў з Афрыкі даплывае на чоўнах да Мальты. Таму, каб хоць неяк “разгрузіць” 450-тысячны востраў, іншыя еўрапейскія краіны пагадзіліся прыняць “мальтыйскіх” уцекачоў. Польшча паабяцала прыняць 50 чалавек, але дачакаліся тут толькі 6 самалійцаў і эрытрэйцаў — астатнія не зацікавіліся прапановай.

Варта дадаць, што з розных прычынаў сваю краіну пакідаюць і беларусы. Паводле дадзеных на канец 2012 года больш за 6 тысяч беларусаў атрымалі статус уцекача ў розных краінах. Часцей за ўсё гэта заможныя еўрапейскія дзяржавы са шчодрымі сацыяльнымі праграмамі. Калі браць скандынаўскія краіны (Швецыя, Данія і Нарвегія) і Швейцарыю, то на іх прыходзіцца больш за палову беларускіх заяваў на прытулак, пададзеных у Еўропе.

Фота: storyful.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі