ЧБ па футболе: “Нёман” і “Тарпеда-БелАЗ” у першай “шасцёрцы”
1 верасня прайшоў 22-і тур чэмпіянату Беларусі па футболе.
Галоўнай інтрыгай гэтага туру, які завяршаў першы этап чэмпіянату, было хто ўсё ж трапіць у першую “шасцёрку” і працягне барацьбу за медалі. Прабіцца на лепшыя месцы спрабавалі “Белшына”, “Мінск”, “Нёман” і “Тарпеда-БелАЗ”.
“Мінск” сёння прымаў “Гомель” і згуляў з ім у сухую нічыю — 0:0. Гэта і выбіла сталічны клуб з “шасцёркі”. Бабруйская “Белшына” згуляла ў сябе дома ўнічыю са “Славіяй” — 2:2 — і таксама недабрала ачкоў.
“Нёман” пераканаўча перамог сталічнае “Дынама” — 3:1, а “Тарпеда-БелАЗ” хоць і пацярпела паразу ад БАТЭ (вынік матчу — 2:0), але па колькасці ачкоў клуб усё ж упісаўся акурат на шостую пазіцыю. Адметна, што жодзінцы мелі аднолькавую колькасць ачкоў з бабруйчанамі, але крыху пераўзыходзілі іх у розніцы мячоў.
Лідар чэмпіянату, салігорскі “Шахцёр” атрымаў паразу ад “Дняпра” ў гасцявым матчы — 2:0. Гэта зноў пазбавіла яго перавагі над галоўным канкурэнтам — БАТЭ. Цяпер паміж імі толькі 1 ачко адставання.
Брэсцкае “Дынама” перамагло “Нафтан” — 2:1. Дынамаўцы займаюць 9-е месца, навапалачане — 11-е.