“Чорная пятніца” ў Варшаве, жанчыны выйшлі на вуліцы (фота)

“Чорная пятніца” ў Варшаве, жанчыны выйшлі на вуліцы (фота)

Жанчыны ў Польшчы абураныя спробамі дзяржавы кантраляваць іх цела. Так у адным сказе можна апісаць тое, што адбывалася ў пятніцу ў Варшаве. У польскай сталіцы прайшоў масавы пратэст. Як падае польскае выданне "Gazeta Wyborcza", каля 5 тысяч чалавек (па стане на 16-00 паводле польскага часу) прыйшлі да польскага Сейма, каб выказаць свой пратэст з нагоды закона аб забароне абортаў, які не першы тыдзень выклікае супярэчлівую рэакцыю ў польскім грамадстве. Жанчыны і мужчыны пераважна ў чорным. "Аборты ў абарону жыцця", "Сёстры", "Акрамя маткі мы маем мозг" — такія плакаты можна пабачыць на варшаўскім пратэсце.

Праз гадзіну ўдзельнікі пратэсту накіраваліся да сядзібы кіруючай партыі "Права і справядлівасць", да якой ад Сейма прыкладна 40 хвілін, пры гэтым скандуючы: "Думаю, адчуваю і вырашаю", "Свабода жанчын перадусім, вернем нашае права", "Перавагу ў Сейме маюць, але з намі не выйграюць". Падчас маршу адбыліся затрыманні з-за піратэхнікі, якую ўжывалі некаторыя ўдзельнікі. Пазней варшаўская паліцыя заявіла, што запісала дадзеныя трох чалавек, але нікога не затрымлівала.

Па словах прэс-сакратара мэра Варшавы Барташа Мільчарыка, у варшаўскім "Чорным пратэсце" ўдзельнічала каля 55 тысяч чалавек. Такога кшталту пратэсты адбываюцца па ўсёй Польшчы, асабліва ў буйных гарадах.

Ладзіць гэтыя пратэсты, і ўжо не першы раз, феміністычная акцыя "Чорная пятніца/Жаночы Страйк". Сённяшнія пратэсты з'яўляюцца адказам на галасаванне кіруючай партыі "Права і справядлівасць", якая ў панядзелак, 19 сакавіка, падтрымала праект "Стоп аборт". Гэты законапраект прадугледжвае забарону абортаў у выпадку сур'ёзнага і незваротнага пашкоджання плоду. Законапраект яшчэ не ўхвалены і павінен прайсці ўзгадненне праз камітэт сацыяльнай палітыкі і сям'і, што верагодна адбудзецца ўжо праз месяц. 

Яшчэ летам 2016 года камітэт "Стоп аборт" падаў у польскі Сейм грамадзянскі законапраект, які забараняе перапыненне цяжарнасці ва ўсіх выпадках. Сярод яго мэтаў было і пакаранне маці за аборт. У 2016 годзе на вуліцы польскіх гарадоў агулам выйшла 98 тысяч чалавек.

Акрамя абаронцаў правоў жанчын на аборт, якіх сёння чуваць па ўсёй краіне, у Польшчы ёсць і шматлікія групы прыхільнікаў законапраекта "Стоп аборт". Так выданне "Do rzeczy" далучылася да патрымкі "Белага пратэсту", які, як можна здагадацца, не пагаджаецца з меркаваннем удзельнікаў сённяшіх пратэстаў з нагоды права на перапрыненне цяжарнасці. Журналісткі гэтага выдання кажуць, што "Белы пратэст" — цудоўная альтэрнатыва для прыхільнікаў лібералізацыі закона аб абортах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі