Чыноўнікі мінгандлю зачыняюць 2 крамы ў дзень і шукаюць новых кантралёраў

За месяц міністэрства гандлю зачыніла больш за паўсотні крам. “Ома”, “Суседзі”, “Мегатоп”, “Еўраопт”, “Электрасіла”, “5 элемент” ды іншыя.

У будаўнічым гіпермаркеце “Ома”, напрыклад, кантралёры выявілі пратэрмінаваныя тавары і адсутнасць вінілавых шпалераў. Чаму так атрымалася, распавядаюць у сетцы гіпермаркетаў:

Беларускіх тавараў у нас шмат, але продаж — дынамічны працэс. Гаворка вялася пра вінілавыя шпалеры, іх маглі раскупіць ці іх проста не было у шэрагу тавараў. Закрыццё — сур’ёзны фінансавы – ўдар, тым больш, зачыненыя гіпермаркеты. Да таго ж, губляе дзяржава, бо яна недаатрымае падаткі за гэтыя 8 дзён”.

Зачыняць крамы міністэрства можа з 7 снежня. Такую магчымасць дае Указ прэзідэнта.

Кантралёры ў лічбах:

Як даведваецца Еўрарадыё ад Міністэрства гандлю, адну краму мусяць правяраць мінімум два чалавекі з мінгандлю. На гэта ў іх максімум тры дні. Але нашы кантралёры працуюць хутчэй. Працаздольнасць: больш, чым 2 крамы за дзень на ўсіх кантралёраў. І гэта толькі закрытыя, правераных яшчэ больш. У закрытую краму, куды звярнулася Еўрарадыё, на праверку прыходзіла адразу 6 чалавек. Цяпер Мінгандлю на сайце шукае новых кантралёраў, бо “на Міністэрства гандлю ускладзеныя дадатковыя функцыі па кантролі за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб цэнаўтварэнні”. Не паспяваюць правяраць!

За што закрывалі:

Абутковыя крамы “Мегатоп” — за маленькі асартымент беларускага абутку: 1-2 вытворцы. І пратэрмінаваны тавар.

У “Электрасіле” і “5 элеменце” — мала айчынных тэлевізараў

У ”Гіппа” і “Еўраопце” — няправільна аформленыя акцыі і пратэрмінаваныя прадукты.

Ад эксперта:

Кіраўнік праекта marketing.by Сяргей Скараход пра закрыццё крамаў:

“З-за нестабільнасці і валютнага крызісу дзяржава прыняла такое рашэнне, каб набывалі беларускае. Рэкамендацыі, відаць, былі, каб нікога не шкадаваць і рубіць з пляча. Не ўпэўнены, што дзяржаве ад гэтага добра. У тым жа “Ома” была беларуская прадукцыя, а баланс там складана адсачыць. Такім чынам нельга вырашыць праблему, што беларускае не набываюць. Як бы дзяржава ні хацела, людзі не будуць набываць. Пакупнік ад гэтага таксама не выйграе. Трэба хадзіць у іншую краму.”

Хто прайграе ад закрыцця крамаў:

- крамы, бо нічога не прадаюць

- пакупнікі, ім даводзіцца шукаць тавар у іншых крамах, якія могуць быць далёка ад дому.

- дзяржава, бо ў закрытых крамах прадаецца і беларускі тавар, які не будуць набываць пэўны час. Таксама казна недалічыцца падаткаў ад продажу.

А хто выйграе:

- "закрыццё можа быць звязанае і з канкурэнтнай барацьбой", — кажа Сяргей Скараход. Але разлічваць на адвечнае лобі ў Беларусі не могуць нават самыя буйныя сеткі, лічыць эксперт. Калі закрывалі адначасова “Электрасілу” і “5 элемент”, то тэлевізары і іншую тэхніку людзі маглі набываць, напрыклад, у “Кароне тэхна” ці дзяржаўных універмагах.

- часткова могуць выйграць кліенты, бо пасля паўторнага адкрыцця ў крамах будуць сачыць за асартыментам і коштамі.

Фота 1: lenta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі