Ці чакае Беларусь эканамічная блакада з боку Еўропы?

Днямі дэпутат Еўрапарламенту Яцэк Пратасевіч папярэдзіў беларускія ўлады пра хуткае увядзенне санкцыяў у дачыненні да афіцыйнага Мінску з боку Еўрасаюзу. Праўда, не ўдакладніўшы, што гэта можа быць. А сенатар Мікалай Чаргінец упэўнены ў тым, што санкцыі толькі паспрыяюць узмацненню краіны. Еўрарадыё даведвалася, як да магчымай “пагрозы” з Захаду ставяцца ў Беларусі.

* * *

Лідэр АГП, адзін з кіраўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сіл Анатоль Лябедзька не выключае таго, што Еўропа, следам за ЗША, прыменіць у адносінах да Беларусі эканамічныя санкцыі. І шкоду ад такіх дзеянняў Еўрасаюзу немагчыма будзе выправіць з дапамогай сябра прэзідэнта Уга Чавеса альбо арабскіх шэйхаў, якія, па словах палітыка, нягледзячы на паказное сяброўства, не спяшаюцца ўкладаць грошы ў беларускую эканоміку.

Анатоль Лябедзька: “Гэта сітуацыя больш пагрозлівая, чым, да прыкладу, санкцыі з боку Вашынгтона. У нас агульны гандаль з ЗША ўсяго каля 1%, а калі мы гаворым пра Еўропу, то гэта больш за 40%. Эканамічныя санкцыі з боку Еўропы могуць прывесці да моцнага эканамічнага крызісу ўнутры краіны. Гэта залежыць ад Лукашэнкі – будуць яны ўведзены ці не. Калі так брутальна ставіцца да сваіх апанентаў унутры краіны, калі ігнараваць міжнародныя пагадненні, пад якім стаіць подпіс прадстаўнікоў Беларусі, то да гэтага можна давесці сітуацыю”.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі таксама не выключыў магчымасці ўвядзення Еўрасаюзам эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Праўда, папярэдзіў, што хуткага рашэння на гэты конт з боку Еўрапарламенту, у які ўваходзяць прадстаўнікі 27 краін, чакаць не трэба – інтарэсы розных краін могуць не супадаць у пэўных пытаннях. Але адзначыў, што сам факт заявы аб магчымых санкцыях сведчыць аб нараджэнні Еўраатлантычнага саюзу супраць кіруючага рэжыму Беларусі.

Раман Якаўлеўскі: “Што тычыцца агульных санкцый, абавязковых для ўсіх членаў, то яны немагчымыя на сённяшні дзень. Але ўзровень салідарнасці пазіцыі ў дачыненні кіруючага беларускага рэжыму, будзе ўзрастаць. У тым ліку і наконт санкцый. Гэта можа датычыць і банкаўскіх структур, і дзяржаўных карпарацый, і прыватнага бізнэсу, якому будуць раіць не супрацоўнічаць”.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч не падзяляе меркавання, што дэпутаты Еўрапарламенту будуць доўга “разгойдвацца” і абмяркоўваць, ці ўводзіць нейкія санкцыі ў адносінах да нашай краіны. На яго думку, дэпутаты вельмі добра ўсведамляюць, што адбываецца ў Беларусі і ў іх няма разыходжанняў у ацэнцы дзеянняў беларускай улады.

Станіслаў Шушкевіч: “Яны ўсе вельмі дакладна ўсведамляюць, што адбываецца ў Беларусі. І таму я не думаю, што гэта будзе так марудна, як бывае, да прыкладу, з Брусельскай адміністрацыяй. Там зусім іншая сітуацыя. Еўрапарламент, мне падаецца, можа стаць вельмі дынамічным органам”.

У палітыка ёсць нават прапанова, як найхутчэй прымусіць беларускія ўлады прыслухацца да меркавання дэмакратычнага свету. Кажа, неабходна ў рэзкай форме “папрасіць” Крэмль спыніць падтрымку беларускай дыктатуры.

Станіслаў Шушкевіч: “Трэба гэтым апекунам беларускага рэжыму, нашаму вялікаму ўсходняму брату, іх структурам уладным і парламенцкім, сказаць, што хопіць падтрымліваць дыктатуру, і станьце сумленнымі людзьмі. Але баюся, што гэта Еўрапарламент не скажа”.

Але старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Мікалай Чаргінец лічыць, што на ўсе пагрозы нейкіх там санкцый нават увагі звяртаць не трэба.

Мікалай Чаргінец: “Не першы гэты спадар, які прачнуўся не ведаю дзе і вырашыў, як той певень, пракукарэкаць пра нейкія санкцыі, і не апошні, на жаль. Але няхай бы яны прааналізавалі, колькі такіх крытыкаў было і колькі такіх заклікаў да санкцый. Што яны змянілі ў Беларусі? Беларусь як мацнела, так і працягвае мацнець”.

Па словах сенатара, беларусы “самі сабе вырошчваюць хлеб і ўдасканальваюць мяса-малочную вытворчасць. Таму санкцыямі нас не запалохаеш". А спрэчныя пытанні беларускія ўлады гатовыя вырашаць у дыялогу. І нават, кажа, гатовыя даць тлумачэнні па ўсіх спрэчных пытаннях.

Мікалай Чаргінец: “Мы за дыялог і гатовыя даваць любыя тлумачэнні, весці на любую тэму размовы, выказваць сваё меркаванне, выслухоўваць меркаванні нашых візаві. Калі яны карысныя і прымальныя для нас, мы будзем удзячныя за параду. Але не ў форме ўльтыматуму”.

Што ж тычыцца дзеянняў у адказ на ўвядзенне магчымых санкцый, то сенатар прапаноўвае адэкватны адказ – не пускаць іх у Беларусь.

Мікалай Чаргінец: “Мы будзем патрабаваць ад нашага кіраўніцтва такім жа чынам паставіцца і да дэпутатаў Еўрапарламенту. Браць на ўвагу і ўключаць чырвонае святло перад спробай прыехаць у Беларусь”.

Еўрарадыё нагадала палітыку сітуацыю з Дональдам Тускам. Менавіта яму, у свой час дэпутату польскага Сейму, адмовілі ва ўездзе ў Беларусь. А праз некаторы час ён стаў прэм’ер-міністрам Польшчы. На гэта беларускі палітык адказаў, што дзейнасць Туска на пасадзе прэм’ер-міністра яму падабаецца. Нібыта ён у апошні час моцна змяніўся і прымае правільныя рашэнні. Праўда, не ўдакладніў якія. Можа, мелася на ўвазе ўвядзенне Польшчай “зялёнай карты” для палякаў Беларусі? У любым выпадку, паводле Чаргінца, пазбаўленне права наведваць Беларусь станоўча ўплывае на светаўспрыманне заходніх палітыкаў.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі