Ці можна параўноўваць Крым з Косава?
Эксперты разважаюць, чым падобныя лёсы двух рэгіёнаў.
Расійскія ўлады, аргументуючы свае дзеянні ў Крыме, спасылаюцца на міжнароднае права і прыводзяць у прыклад Косава. Але ці можна параўноўваць гэтыя дзве гісторыі? Нямецкі канцлер Ангела Меркель лічыць такое параўнанне “ганебным” і нагадвае, што да этнічных чыстак Мілошавіча міжнародная супольнасць ніяк не ўмешвалася ў балканскія справы.
А аналітык BISS Андрэй Елісееў называе такое параўнанне “вельмі далёкім”:
“У Косаве адбываліся этнічныя чысткі. І Косава да абвяшчэння дэкларацыі было пад міжнародным пратэктаратам. Косава не далучылася да іншай краіны, і нейкая іншая краіна не забрала сабе Косава, як Албанія, а яно адасобілася ад Сербіі. І міжнародны суд прызнаў, што само абвяшчэнне дэкларацыі аб незалежнасці не парушае міжнароднага права”.
Эксперт разважае наконт прызнання Захадам: па Косаве няма суцэльнай пазіцыі, і некаторыя краіны-сябры ЕС дагэтуль яго не прызналі. Што тычыцца Крыма, то яго пераход да Расіі не прызнае ніводная заходняя краіна, лічыць Андрэй Елісееў.
А нямецкі палітолаг Аляксандр Рар мяркуе, што такое параўнанне цалкам можна рабіць. І там, і там меншасць запатрабавала пашырэння суверэнітэту ці большых правоў. Хаця, прызнаецца, што пры правядзенні апошняга рэферэндуму Расія не звяртала ўвагі ні на якія працэдуры.
Аляксандр Рар: “Згодны, натуральна, парушаліся ўсе міжнародныя нормы правядзення рэферэндуму. І без згоды Кіева гэта лічыцца нелегальным. Але прыклад Косава быў, рэферэндум праводзіўся без згоды Сербіі і з прысутнасцю ваенных НАТА”.
Тым часам Андрэй Елісееў прыводзіць прыклад “цывілізаванага разводу” тэрыторый, як гэта робіцца ў Вялікабрытаніі ці Канадзе:
“Само права на вызначэнне тэрыторыі ёсць. Вось, робіцца ў Шатландыі, былі ў Квебэке. Але гэтыя рэферэндумы былі падтрыманыя цэнтральнымі ўладамі, яны былі цалкам легальныя з гледзішча заканадаўства краіны. Калі ўсё рабіць па прававых нормах, насельніцтва Крыма магло ініцыяваць унутраную дыскусію ва Украіне і такі прававы працэс згодна з украінскай канстытуцыяй, які можна вырашыць гэта пытанне”.
Аляксандр Рар кажа, што такі ж самы рэферэндум быў бы больш легітымным, калі б адбыўся… у канцы года.
Аляксандр Рар: “Я лічу, што рэферэндум быў бы больш легітымным, калі б праводзіўся ў канцы года, і другі бок змог бы прывесці свае аргументы, сама Украіна. А можа, і не. Таму Захад не будзе прызнаваць, бо тады заўтра такім чынам усё адбудзецца ў Прыднястроўі”.
Нагадаем, згодна з камісіяй Вярхоўнага савета Крыма па арганізацыі рэферэндуму, за далучэнне да Расіі выказаліся 96,77% крымчан. Паводле афіцыйнай статыстыкі, удзел у рэферэндуме ўзялі 81,36% жыхароў аўтаномнай рэспублікі.
Фота: theatlantic.com