Ці не зашмат рэкламы ў Мінску?

У суседняй Польшчы пачалі ўсур’ёз задумвацца аб пагрозе, якую нясе вонкавая рэклама.

“72% палякаў лічыць, што ў публічнай прасторы трэба абмежаваць колькасць рэкламы. Больш за палову, 56%, сцвярджаюць, што вонкавая рэклама мусіць знікнуць з цэнтраў гарадоў”, — перадае польскае тэлебачанне TVN.

Цяпер у польскім сейме распрацоўваецца адмысловы законапраект, які дапаможа “абараніць краявіды” і забараніць настырную рэкламу. А ці можна назваць агрэсіўнымі мінскія білборды і рэкламныя шчыты?

“Ну так, хіба ў Еўропе ёсць гарады, дзе шмат рэкламы і яна розная. Не сказаў бы, што яе ў Мінску мала. Калі параўноўваць Мінск з Масквой, Кіевам, то на першы погляд, вонкавай рэкламы ў Мінску мала. Зразумела, што ў іншых гарадах, іншых краінах, ёсць свая палітыка”, — адзначае кіраўнік праекта marketing.by Сяргей Скараход.

На думку эксперта, рынак сам сябе абмяжуе, таму не трэба рэгуляваць яго наўмысна. Відавочна, што гарадскія ўлады не захочуць бачыць шмат рэкламы на некалькіх цэнтральных вуліцах, але ва ўсіх іншых месцах — чаму б і не.

Тым часам рэкламшчыца Юлія Ляшкевіч кажа, што з часам і нашы людзі прыйдуць да таго, каб прыбраць рэкламу з вуліц. Хай мы не Токіа ці Масква, дзе людзі ўжо пачынаюць стамляцца, але тым не менш.

Юлія Ляшкевіч: “Што тычыцца рэкламы, то яе становіцца ўсё больш і больш. Калі возьмем метро, то я не магу сказаць, што там мала рэкламы. Яе шмат паўсюль. Вы спускаецеся па эскалатары, міма вас рэклама. Перад вамі вісіць тэлевізар, пасля яшчэ тэлевізар. Там вельмі насычаная прастора, якая цісне ці можа ціснуць”.

Беларуская фішка — сацыяльная рэклама. У прынцыпе, яна існуе паўсюль, але ў Беларусі рэалізуецца па-свойму і мае шмат крытыкаў.

Сяргей Скараход: “Калі аператар вонкавай рэкламы не прадаў рэкламнае месца, то каб не плаціць гораду за невыкарыстаную рэкламную прастору, ён вешае сацыяльны сюжэт. Прадастаўляецца нейкі выбар, і аператар можа нешта надрукаваць за свой рахунак, адпаведна, нічога не плаціць гораду”.

Па словах Сяргей Скарахода, каб запоўніць білборд памерам 6 на 3 метры ў сталіцы, ў сярэднім, трэба заплаціць аператарам 500-600 долараў. Частка з гэтых грошай ідзе ў гарадскі бюджэт. Альбо не ідзе, калі размяшчаецца “сацыялка”.

Сяргей Скараход здзіўляецца, чаму ў нас да сацыяльнай адносяць рэкламу МНС ці памежнікаў, бо, па сутнасці, гэта рэклама дзяржорганаў, а не ўзняцця нейкіх сацыяльных праблем. Увогуле ж, на Захадзе сацыяльнай рэкламай займаюцца прафесіяналы, і таму яна не саступае камерцыйнай, у нас жа і сюжэты незразумелыя, і выкананне.

Тым часам, прыкладам для змагароў з рэкламай з усяго свету з’яўляецца бразільскі Сан-Паўлу. Тут камерцыйныя абвесткі забаранілі яшчэ ў 2006-м. Спачатку маркетынгавыя і турыстычныя фірмы бунтавалі, лічачы, што горад будзе адпужваць наведвальнікаў, а рэкламная сфера вымрэ. Але час абверг гэтыя думкі: рэкламшчыкі засталіся і сталі больш крэатыўнымі, а госці горада пачалі больш цаніць мясцовую архітэктуру і адсутнасць шквалу інфармацыі аб зніжках і распродажах.

Фота: surftigerbanners.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі