Ці ўзялася ДАІ за тых, хто адмаўляецца плаціць дзяржпошліну на аўто?
Пасля абвяшчэння акцыі “Тэхагляд” чэргі на станцыях дыягностыкі павялічыліся. Ці пачалі непаслухмяных аўтааматараў душыць штрафамі?
Акцыю “Тэхагляд” абвясцілі ў апошні тыдзень сакавіка. Многія палічылі, што гэта контраперацыя супраць неплацельшчыкаў дзяржпошліны.
Нагадаем, што сёлета ў Беларусі кожнага аўтаўладальніка абклалі падаткам, які павінен ісці на рамонт дарог.
Цяпер за самы просты легкавік штогод даводзіцца сплачваць не менш за пяць базавых велічыняў (з 1 красавіка гэта будзе 750 тысяч рублёў).
Але ў “Белдзяржтэхаглядзе” паведамляюць, што праводзіцца самае звычайнае традыцыйнае мерапрыемства, як і ў папярэднія гады.
“Ладзяцца акцыі “Асцярожна, дзеці!”, “Хуткасць”. І вось робіцца акцыя “Дзяржтэхагляд”, — кажа Аляксандр Сапраненка, намеснік начальніка ўпраўлення дзяржтэхагляду. — Гэта проста сумесная акцыя з ДАІ. Найбольшая ўвага надаецца транспарту, які задзейнічаны ў перавозцы пасажыраў”.
“Гэта звязана з пачаткам сезону. Многія ўзімку ні кіруюць транспартам — так званыя падснежнікі. Задача такая, каб аўтамабілі былі ў належным тэхнічным стане”, — тлумачыць Еўрарадыё Ганна Банадык, старшы інспектар па асаблівых даручэннях рэспубліканскай ДАІ.
Калі ўводзілі дзяржпошліну, планавалі павялічыць і штрафы за ігнараванне тэхагляду — да 5 базавых адзінак. Але дэпутаты гэту ініцыятыву не падтрымалі.
Такім чынам, сёння за гэта парушэнне пагражае ад адной да дзвюх базавых велічыняў.
Актывісты аўтамабільных форумаў, абмяркоўваючы акцыю, паведамляюць пра рознае стаўленне людзей у пагонах да неплацельшчыкаў пошліны. Камусьці лупяць максімальны штраф, камусьці мінімальны. Некаторых адпускаюць, настойліва прадпісваючы прайсці тэхагляд.
Тым часам на дыягнастычных станцыях чэргі з абвяшчэннем акцыі павялічыліся.
“Многа апошнім часам народу. Пошліну трэба плаціць у банку, каб атрымаць канчатковую адзнаку ў інжынера “Белтэхаляда” і налепку, — інструктуюць на мінскай дыягнастычнай станцыі №9. — Таксама за ваш аўтамабіль (просценькі легкавік гольф-класа) трэба заплаціць 160 тысяч за праезд лініі і 19500 за атрыманне дазволу”.
Такім чынам, тэхагляд для сярэдненькай машыны становіцца ў 929500 рублёў. Лічы, сто долараў.
“Ці менш людзей праходзіць тэхагляд з увядзеннем пошліны?” — звярнулася Еўрарадыё на іншыя мінскія дыягнастычныя станцыі.
Амаль паўсюль канстатуюць, што кліентаў сёлета значна менш, чым у папярэднія гады, але раяць “думаць самім”.
“Зараз ідзе цвярозы лад жыцця, усё такое, ловяць неадэкватных вадзіцеляў. Таму ціснуць на тэхагляд па поўнай не павінны, — выказвае меркаванне адзін з мінскіх кіроўцаў на “Сітраэне Ксара”, які ўсё ж падаўся на дыягнастычную лінію. — А я ўсё ж вырашыў не матаць сабе нервы”.