Ці варта чакаць левага тэрору ў Германіі?

Пакідацца кактэйлямі Молатава і пабіцца з паліцыяй любяць не толькі ў Кіеве. Апошнім часам, як і ва ўкраінскай сталіцы, неспакойна ў самым сэрцы Еўрасаюза — у нямецкім Гамбургу. Тут нядаўна нібыта скончыліся маштабныя беспарадкі з удзелам левых, але ў паветры па-ранейшаму лунае напружанасць.

“Людзі ў Гамбургу заўсёды шлі на вуліцы, калі ўрад рабіў тое, з чым не пагаджаліся”, — разважае жыхар “радыкальнага” раёна Санкт-Паўлі Гернат Крэйнэр. — “Пратэсты з’яўляюцца часткай горада і мясцовай вулічнай культуры, асабліва ў Санкт-Паўлі і Шансэнвіртэль, якія робяць Гамбург адрозным ад таго ж Кёльна ці Мюнхена”.

Беспарадкі адбываюцца ў Гамбургу амаль штогод. У снежні яны ўспыхнулі з-за жадання ўладаў выселіць анархістаў з культурнага цэнтра Rote Flota, які быў заснаваны ў выглядзе сквота на месцы былога тэатра амаль 25 гадоў таму. Многія дэманстранты лічаць, што мясцовыя ўлады не ўспрымаюць іх усур’ёз, таму адзін з лозунгаў акцый пратэсту: “Ніводнага спакойнага дня гамбургскаму сенату”.

Гернат Крэйнер з’яўляецца саўладальнікам невялікага гатэля і бара, папулярнага сярод рок-гуртоў. Цяпер жа разам з партнёрамі ён чакае, калі іх “закрыюць” інвестары, якія збіраюцца будаваць элітнае жыллё. Гамбург жа, у выніку страціць некалькі самабытных раёнаў і месцаў, якія ў некаторых даведніках называюцца “левай ўтопіяй”.

Гернат Крэйнер: “Гэта крута, калі ўсе гэтыя хіпстэры ў штанах у абцяжку, маладыя людзі з грашыма, пачнуць тут жыць. Але ўначы, калі начное жыццё ў разгары, і калі іх дзеці бачаць пад вокнамі працаўнікоў сэкс-індустрыі, якія чакаюць сваіх кліентаў, яны пачынаюць скардзіцца”.

Журналіст Крыстаф Твікель называе Гамбург горадам, які паступова згубіў свой прамысловы статус і цяпер адчайна спрабуе канкураваць з Берлінам у якасці месца для жыцця забяспечаных маладых прафесіяналаў. Журналіст лічыць, што людзі выйшлі на вуліцы з-за нежадання ісці па шляху Парыжа і Лондана, дзе карэнныя жыхары з малымі заробкамі выцясняюцца на ўскраіны.

Тым часам Deutsche Welle піша аб натхненні, якое атрымалі з гамбургскіх падзеяў левыя актывісты з усёй Германіі і разважае, ці варта цяпер чакаць “левага тэрору”. Паводле выдання, ствараецца ўражанне, што левыя актывісты гатовыя да гвалту і, магчыма, мабілізуюцца па ўсёй краіне. Але палітолаг Карстэн Кашмідэр не пагаджаецца.

“Галоўнае адрозненне паміж радыкальнай сцэнай цяпер і часоў "Фракцыі Чырвонай Арміі" у тым, што цяпер гвалт накіраваны не супраць людзей, а супраць пэўных рэчаў, якія ствараюць пагрозу для палітычнай пазіцыі левых”, — адзначае эксперт і дадае, што такім жа чынам пратэстуючыя разглядаюць паліцэйскіх у экіпіроўцы як варожыя рэчы, а не як людзей.

Паводле Карстэна Кашмідэра, за апошнія некалькі гадоў колькасць левых аўтаномаў, гатовых да баявых дзеянняў, не мянялася. Цяпер у Германіі каля 7 тысяч левых радыкалаў, 620 з якіх жывуць акурат у Гамбургу. Пры гэтым у апошніх акцыях бралі ўдзел каля 4,5 тысяч актывістаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі