Ціханоўская і каліноўцы — гэта тое, за што беларусам не будзе сорамна
Святлана Ціханоўская і добраахвотнік батальёна імя Кастуся Каліноўскага / калаж Еўрарадыё
Байцы батальёна Кастуся Каліноўскага цяпер атрымліваюць досвед, неабходны для таго, каб змесці дзейны беларускі рэжым. Так пра ролю добраахвотнікаў у рэвалюцыйнай будучыні Беларусі выказваецца "змоўнік" Дзмітрый Шчыгельскі.
Вось толькі што беларусам трэба больш — мірны пратэст або ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху са зброяй у руках?
— Я не ведаю, што такое нацыянальна-вызваленчы рух. Я бачу, што гаворка пакуль што ідзе пра легіён, які ваюе ў складзе УСУ, — адгукаецца пра батальён Каліноўскага аналітык Сяргей Чалы. — Гэта фактычна нават не наша падраздзяленне. Яны цалкам выконваюць тактычныя задачы, падпарадкоўваючыся кіраўніцтву Узброеных сіл Украіны.
Але яны робяць вельмі важную справу. Гэтаксама як і Святлана Ціханоўская. Яна на знешнепалітычнай арэне — наш важны якар і маяк. Яе праца не дазваляе ўсяму свету забыцца пра тое, што беларусы не роўна Лукашэнка. І ў гэтым сэнсе нам значна прасцей, чым рускім. У нас ёсць матэрыяльнае сведчанне таго, што мы, калі на тое, у 2020 годзе сказалі Лукашэнку "не". Яна [Святлана Ціханоўская] жывы напамін гэтага.
— І тое самае робяць і яны [каліноўцы], гэта як інь-янь, — падкрэслівае Сяргей Чалы. — Адзін бок — негвалтоўны супраціў, а другі бок — людзі, якія паказваюць, што мы і так можам. Яны [Ціханоўская і каліноўцы. — Еўрарадыё] будуць тым, чым мы потым пасля гэтай гісторыі будзем не саромецца, а ганарыцца. Нельга супрацьпастаўляць іх адно аднаму. Яны робяць адно і тое ж.
Францыя калісьці дакладна гэтаксама знаходзілася на мяжы нацыянальнай ганьбы ў тым сэнсе, што было незразумела, ці то гэта акупацыя, ці то калабарацыя. І потым з'явіўся Шарль дэ Голь, які здолеў ператварыць нацыянальную ганьбу ў нацыянальны гонар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.