Ціханоўская: у Беларусі спрабуюць задушыць маладыя таленты новымі рэпрэсіямі
Дапамагчы моладзі знайсці магчымасць самарэалізавацца / pixabay.com
Прымусовае размеркаванне ў Беларусі павінна быць цалкам адменена. Так Святлана Ціханоўская адрэагавала на агучаную напярэдадні старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай задачу размяркоўваць усіх студэнтаў, не толькі бюджэтнікаў.
"Качанава прапанавала зрабіць з усіх студэнтаў у Беларусі прыгонных, — піша Ціханоўская. — ...Адукацыя ў Беларусі ўсё больш старэе і апускаецца ў крызіс. Але замест таго, каб ствараць умовы для самарэалізацыі моладзі, дапамагаць развіццю новых талентаў, — чыноўнікі спрабуюць задушыць гэтыя таленты новымі рэпрэсіямі".
Святлана Ціханоўская падкрэслівае, што моладзь — "наша будучыня", і задача дзяржавы — дапамагчы ёй "знайсці магчымасць самарэалізавацца". "Што сапраўды трэба беларускім студэнтам, дык гэта больш магчымасцяў: міжнародныя праграмы абмену, ганаровыя ў сваёй галіне выкладчыкі, сучасныя веды... Універсітэт — не армія, задача ўніверсітэта — не выхаванне лаяльных "салдат", а абмен вопытам паміж пакаленнямі і дапамога маладому пакаленню дамагчыся поспехаў у абранай сферы", — дадае яна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.