Да 15 лістапада Беларусь і Расія абмяркуюць кошты на газ з 2020 года
Да 15 лістапада Беларусь і Расія плануюць абмеркаваць фармаванне формулы цаны на газ, якая будзе дзейнічаць з 2020 года. Пра гэта журналістам паведаміў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка на Беларускім энергетычным і экалагічным форуме, перадае БЕЛТА.
"Да 15 лістапада мы мяркуем правесці чарговую сустрэчу, дзе расійскі бок прапануе нам формулу цэнаўтварэння на газ. Мы ўжо правялі з віцэ-прэм'ерам Расіі Аркадзем Дварковічам тры сустрэчы, гэта будзе чацвёртая. Рухаемся да збліжэння, мы павінны выйсці на ўзаемапрымальную формулу. Пакуль ёсць пытанні, але гэта працоўныя моманты. Як паказаў папярэдні досвед, мы ўсё ж такі знайшлі рашэнне на гэтыя тры гады — 2017-2019", — сказаў беларускі чыноўнік.
Па яго словах, у 2018 годзе газ для Беларусі будзе каштаваць 129 долараў за 1 тысячу кубаметраў, у 2019-м — 127 долараў (сёлета яна складае 145 долараў за 1 тысячу кубаметраў) незалежна ад кан'юнктуры рынку нафты і газу. Падводзячы вынік, Сямашка дадаў: "Мы рухаемся па траекторыі, якая абумоўленая ў падпісаных Расіяй 13 красавіка дакументах".
Віцэ-прэм'ер паведаміў, што ў наступным годзе знізяцца тарыфы на электраэнергію для энергаёмістых прадпрыемстваў, якія рэалізуюць інвестпраекты. Пералік такіх прадпрыемстваў разглядае Міністэрства анатыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ). "Думаю, літаральна да канца месяца мы гэтыя падыходы зацвердзім", — выказаў надзею Сямашка.
Акрамя таго, у будучыні мяркуецца на 0,6 цэнта знізіць тарыф на электраэнергію для ўсіх спажыўцоў у рэальным сектары эканомікі.