Дах музея Касцюшкі ў Марачоўшчыне адрамантуюць за амерыканскі грант
Дах музея Тадэвуша Касцюшкі ў Марачоўшчыне адрамантуюць за амерыканскі грант. Як паведамляе газета “Вечерний Брест”, грантавая служба Дзярждэпартамента ЗША выдзеліла на гэты праект сродкі ў памеры 15 тысяч долараў. Дах быў пашкоджаны ўраганам у 2016 годзе.
Гэта ўжо трэці міжнародны грант на аднаўленне спадчыны славутай гістарычнай асобы: у 2004 годзе было атрымана 30 тысяч долараў на аднаўленне дома Касцюшкі, а ў 2007 годзе ЮНЕСКА выдзеліла сродкі ў памеры 50 тысяч еўра на распрацоўку праектнай дакументацыі аднаўлення палацу Пруслоўскіх у Косаве.
Цяпер грамадскае культурна-гістарычнае аб’яднанне “Фонд імя Т.Касцюшкі” рыхтуецца да атрымання гранта на рэканструкцыю музея Касцюшкі ў вёсцы Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна.
Тадэвуш Касцюшка — легендарны вайсковы і дзяржаўны дзеяч, які стаў нацыянальным героем адначасова для Беларусі, Польшчы і ЗША. Ён прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1794 года супраць расійска-прускага нашэсця. Таксама ён удзельнічаў у вайне за незалежнасць Амерыкі ў 1770-я гады.