Danone канчаткова адыходзіць з Беларусі
Кампанія Danone
Апошняя даччыная кампанія Danone у Беларусі "ДанонБел" падала на ліквідацыю. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў часопісе "Юстыцыя Беларусі". На публікацыю звярнула ўвагу выданне Plan B.
Раней у французскай кампаніі, якая выпускае малочныя прадукты, у нашай краіне былі тры юрыдычныя асобы: "Данон Шклоў", "Данон Пружаны" і "ДанонБел". Прадпрыемствы ў Шклове і Пружанах займаліся вытворчасцю. "ДанонБел" быў зарэгістраваны ў Мінску і спецыялізаваўся на аптовых пастаўках.
"Данон Пружаны" і "Данон Шклоў" былі пераназваныя ў 2022 годзе. Пружанскае прадпрыемства тады ж далучылі да ААТ "Пружанскі малочны камбінат".
Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны французская кампанія абвясціла аб адыходзе з Расіі. Шкоду ад гэтага рашэння ў кампаніі тады ацанілі ў мільярд еўра. У Расіі кампанія працавала з 1992 года. У Беларусі — з 2008 года. Danone — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў малочных прадуктаў пад гандлёвымі маркамі "Актымель", "Актыў", "Расцішка", "Данісіма", "Данон" і іншыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.