Дармаедаў будзе вылічваць камп'ютарная праграма

Падатак на дармаедства ў 3,6 мільёны трэба заплаціць да 15 лістапада 2016 года грамадзянам, якія працавалі менш за 183 каляндарныя дні сёлета. Калі заплаціць гэты збор да чэрвеня 2016 года добраахвотна, будзе зніжка ў 10%. А гэта менш на 360 тысяч, калі добраахвотна прызнаешся ў дармаедстве.


Як даведваецца Еўрарадыё у Міністэрстве па падатках і зборах, такія "добрасумленныя дармаеды" ўжо дасылаюць паведамленні аб гатоўнасці сплаціць збор. Але гэта адзінкі.


У мінскай падатковай кажуць толькі пра аднаго грамадзяніна, які заплаціў дзяржаве за сваё дармаедства:


"Адзін чалавек толькі сплаціў пакуль. Спіс такіх грамадзян будзе складаць Міністэрства па падатках і зборах", — тлумачаць у сталічнай падатковай. 

Незарэгістраваны Цэнтравыбаркамам прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта і "дармаед у дэкрэце" Юрый Шульган таксама збор пакуль не плаціў, нават са зніжкай.


"Нічога не плацілі і разлічваем на тое, што закон проста не будзе працаваць. Калі надыдуць тэрміны, то закон могуць скасаваць ці змяніць", — мяркуе Паўлюк Канавальчык, кіраўнік перадвыбарчага штабу Юрыя Шульгана.


У рэгіёнах таксама добрасумленных беспрацоўных, якія вырашылі расплаціцца за беспрацоўе, пакуль ёсць зніжка, не знаходзім, але тут адразу кансультуюць, як і куды плаціць падатак, і што для гэтага трэба:


"Прыходзьце ў падатковую з пашпартам, напішыце заяву, будзеце зніжку мець", — апісваюць працэдуру ў падатковай Рагачова.

У падатковай сумленны "дармаед" піша заяву, пасля яму налічваюць падатак, які той сплачвае са зніжкай у 10% да 31 траўня наступнага года.


Падатковая Партызанскага раёна Мінска спісаў дармаедаў яшчэ не мае: "Не расставілі пакуль сеткі". ды і складаць гэтыя спісы, як высвятляем, будуць не раённыя інспекцыі а само міністэрства па падатках і зборах.


"Там задзейнічана некалькі органаў. Але нейкай адмысловай камісіі не будзе. Будзе стварацца праграмны прадукт, куды будуць уносіцца асобы, якія падпадаюць пад збор за дармаедства", — даводзяць у міністэрстве па падатках і зборах.
Нібыта, каб сабраць усіх беларускіх дармаедаў асобны аддзел у падатковай ствараць не будуць.


З 1 студзеня 2016 года дармаеды мусяць пачаць атрымоўваць паведамленні ад падатковай, з патрабаваннем заплаціць збор. Каб стварыць "базу дармаедаў", застаецца пяць месяцаў.

Фота: footpouf.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі