Дар’ю Домрачаву намінавалі на World Fair Play
Беларуская асацыяцыя спартыўнай прэсы намінавала беларускую біятланістку Дар’ю Домрачаву на прыз World Fair Play Awards імя П’ера дэ Кубертэна, інфармуе БЕЛТА. 20 студзеня падчас гонкі пераследавання на этапе Кубка свету ў Антхольцы Домрачава пабачыла, што перад фінішам італьянка Даратэя Вірэр згубіла палку, і не стала яе абганяць, у выніку заняла толькі трэцяе месца. Гэты ўчынак ацанілі беларускія спартыўныя журналісты і адправілі ў міжнародны камітэт Fair Play у Будапешт заяўку. Пра тое, хто атрымае гэты прыз, стане вядома ў канцы 2018 года.
Беларускія спартсмены раней ужо атрымлівалі прыз World Fair Play Awards. Гэта — барэц вольнага стылю Аляксандр Мядзведзь у 1983 годзе і тэнісіст Уладзімір Самсонаў у 2005-м. Дыплом у 2016-м атрымаў сабліст Сцяпан Папоў.