"Дата генератар": 31 ліпеня 1920 года — паўторнае абвяшчэнне савецкай Беларусі

"Дата генератар": 31 ліпеня 1920 года — паўторнае абвяшчэнне савецкай Беларусі

Як вядома, 25 сакавіка 1918 года ў Мінску, толькі што акупаваным нямецкімі войскамі, была абвешчана незалежная Беларуская Народная Рэспубліка і створаны ўрад БНР. Гэта была дзіўная дзяржава, бо ўсю яе тэрыторыю кантралявалі акупанты, а ўрад не меў рэальнай улады ні ў адным з гарадоў або паветаў.

Аднак абвяшчэнне БНР (а таксама УНР, Літоўскай і Латвійскай рэспублік) паказала кіраўнікам бальшавікоў, якія захапілі ў лістападзе 1917 года ўладу ў Расіі, што народы Заходняга краю былой імперыі, у тым ліку беларускі народ, імкнуцца да палітычнага самавызначэння ў форме незалежных нацыянальна-дэмакратычных рэспублік.

У адказ на гэта бальшавікі сталі абвяшчаць савецкія нацыянальныя рэспублікі. Гэта была палітычная хітрасць. Рэжым "савецкіх рэспублік" адкрываў народам, якія імкнуліся да незалежнасці, у самым лепшым выпадку перспектывы нацыянальна-культурнай аўтаноміі. І нічога большага.

Што да Беларускай ССР, то яе фіктыўную незалежнасць абвясціла ўночы з 31 снежня 1918 года на 1 студзеня 1919 года 6-я канферэнцыя бальшавіцкіх арганізацый Паўночна-Заходняга краю Расіі ў Смаленску. Такім чынам, канферэнцыя ўсяго толькі адной з некалькіх буйных палітычных партый, якія былі ў былой імперыі, узяла на сябе функцыі Устаноўчага сходу ўсіх партый і народаў Беларусі.

Больш за тое, усяго праз 2 месяцы (27 лютага 1919-га) на патрабаванне маскоўскага кіраўніцтва (у абліччы Якава Свярдлова) на аб'яднаным пасяджэнні ЦВК БССР і Літоўскай ССР у Вільні была абвешчаная Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (Літбел ССР). У яе ўвайшлі ўсяго дзве губерні былога Паўночна-Заходняга краю — Мінская і Віленская. З гэтага моманту Беларуская ССР фактычна спыніла сваё існаванне.

Аднак у той час ужо два тыдні ішла вайна паміж адроджанай Польшчай і савецкай Расіяй за землі Беларусі і Літвы. Яна доўжылася, з перапынкамі, 20 месяцаў, да лістапада 1920 года, і завяршылася Рыжскім мірам, паводле якога "пасеклі край наш папалам".

Падчас вайны, 11 ліпеня 1920 года, Чырвоная Армія ўвайшла ў Мінск. У сувязі з гэтай падзеяй кіраўніцтва ваенна-рэвалюцыйнага камітэта Мінскай губерні (на чале з Чарвяковым) і некаторыя з кіраўнікоў аб'яднанай кампартыі Літвы і Беларусі звярнуліся ў ЦК расійскай кампартыі з прапановай: аднавіць Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Маскоўскія "таварышы" пачухалі патыліцы і вырашылі: на ўсялякі выпадак трэба аднавіць! Бо яшчэ невядома, чым скончыцца вайна з палякамі, якіх падтрымлівае Антанта — ваенна-палітычны саюз Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і большасці іншых дзяржаў Еўропы на чале з ЗША.

І вось 31 ліпеня на нарадзе кіраўнікоў кампартыі Літвы і Беларусі, ваенна-рэвалюцыйнага савета Мінскай губерні, прадстаўнікоў партарганізацый Заходняга фронту РСФСР была прынятая "Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ)".

Усходняй мяжой ССРБ бальшавікі абвясцілі мяжу Мінскай губерні, а лінію заходняй мяжы павінна была вызначыць перамога над Польшчай. У выніку тэрыторыя ССРБ складалася ўсяго з 6 паветаў. Як пісаў Якуб Колас, "далі шэсць паветаў — дзякуй і за гэта!".

ССРБ была псеўдадзяржавай. Бо ў ёй саветамі ўсіх узроўняў кіравалі адпаведныя камітэты КПБ, а гэтая "беларуская кампартыя" сама была часткай РКП! На ССРБ аўтаматычна распаўсюджваліся ўсе рашэнні і пастановы ЦК РКП, ЦВК і СНК РСФСР. І фактычна, і юрыдычна ССРБ была аўтаномнай вобласцю ў складзе РСФСР. Пра гэта красамоўна сведчыць пастанова ІІІ з'езда КПБ (лістапад 1920 года):

"Беларусь, з'яўляючыся Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, адначасова з'яўляецца састаўной часткай РСФСР, і ўсе органы ў галіне агульных мерапрыемстваў павінны быць падпарадкаваны адпаведным камісарыятам РСФСР, аднак яны павінны мець пэўную свабоду ў галіне вырашэння пытанняў мясцовага жыцця".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі