"Дата генератар": 5 лістапада 1907 года — у Нясвіжы нарадзіўся Міхал Вітушка

"Дата генератар": 5 лістапада 1907 года — у Нясвіжы нарадзіўся Міхал Вітушка

Існуюць дзве версіі жыцця гэтага чалавека — рэалістычная і фантастычная.

Згодна з першай, ён у 1930 годзе скончыў Беларускую гімназію ў Вільні, потым навучаўся ў Пражскім універсітэце, потым у Варшаўскім, уваходзіў у склад кіраўніцтва беларускіх студэнцкіх арганізацый у Чэхаславакіі і Польшчы.

У жніўні 1941 года Вітушка стварыў і ўзначаліў адзін з аддзелаў Беларускай самааховы ў заходняй частцы Палесся. Там ён разам з Палескай сеччу Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) знішчаў аддзелы Чырвонай Арміі, якія траплялі ў акружэнне.

У 1942–1943 гг. Вітушка ствараў аддзелы Беларускай самааховы (БСА) на Магілёўшчыне, Смаленшчыне і Браншчыне.

Потым ён служыў у Беларускай краёвай абароне (БКА), атрымаў чын маёра.

Улетку 1944 года ўвайшоў у склад дыверсійнага батальёна Абвера “Дальвіц”, якім камандаваў Усевалад Родзька па мянушцы “Воўк” (1920–1946).

17 лістапада 1944-га дэсантаваўся ці то на Віленшчыне, ці то ў Налібоцкай пушчы з аддзелам парашутыстаў батальёна, але 7 студзеня 1945 года загінуў у баі з аддзеламі Чырвонай Арміі. Вось і ўсё.

Згодна ж з фантастычнай версіяй, якую стварылі некаторыя беларускія аўтары, у 1945-м годзе загінуў іншы чалавек з такім прозвішчам.

А сапраўдны Вітушка здолеў аб’яднаць антысавецкі партызанскі рух на Беларусі ў “Беларускую вызваленчую (ці вызвольную) армію”, вядомую таксама пад назвай “Чорны кот”. Адначасова ён кіраваў падпольнай Беларускай незалежніцкай партыяй і рэдагаваў яе часопіс “За волю”.

Беларускія антысавецкія партызаны пад кіраўніцтвам “генерала” Вітушкі быццам ажыццявілі шмат неверагодных аперацый.

Напрыклад, зрабілі напады на Кобрын (1946–1947) і Наваградак (сакавік 1948-га); на аўтакалону з вязнямі на трасе Пінск — Мінск (24 лютага 1946-га), калі вызвалілі 350 чалавек, арыштаваных МДБ. Такія ж акцыі па вызваленні вязняў зрабілі пад Магілёвам (у 1946-м), пад Маладзечнам (у 1949-м). Апісваюць дзеянні беларускіх партызанаў на Віленшчыне, Пскоўшчыне, Смаленшчыне ажно да 1951 года.

Пісьменнікі-фантасты сцвярджаюць, быццам тыя партызаны ваявалі супраць Пінскай флатыліі (!), пашкодзілі лінію ўрадавай сувязі з Масквой (!!) і г. д.

Існавалі дзясяткі партызанскіх аддзелаў, у якіх знаходзілася некалькі тысяч узброеных барацьбітоў!

Акрамя таго, падпольшчыкі стварылі шмат антысавецкіх выданняў: часопісы, газеты, улёткі. 

У 1952 годзе Вітушка быццам загадаў сваім прыхільнікам спыніць “партызанку” і прабірацца на Захад. А сам застаўся ў Польшчы, адкуль патаемна кіраваў беларускім антысавецкім падполлем. Прыблізна ў 1960 годзе і ён перабраўся на Захад, дзе і памёр у красавіку 2006-га ва ўзросце 99 гадоў.

Аднак, на думку даследчыкаў, існаванне падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі вельмі сумнеўнае. Што ж да дзейнасці Беларускай вызвольнай арміі, дык гэта — суцэльная хлусня!

Беларускі антысавецкі супраціў існаваў прыблізна да 1952 года, асабліва сярод вучнёўскай моладзі ў Заходняй Беларусі, але ў выглядзе падпольных арганізацый. Ніякіх баявых акцый яны не ладзілі. Адзінага кіраўніцтва і сувязі паміж асобнымі групоўкамі таксама не было.

Быў моцны ўзброены супраціў польскіх арганізацый, але гэта зусім іншая рэч. Яны змагаліся за аднаўленне Другой Рэчы Паспалітай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі