“Давай дамовімся!” Статкевіч ідзе ў прэзідэнты і прапануе Лукашэнку мірны шлях

“Давай дамовімся!” Статкевіч ідзе ў прэзідэнты і прапануе Лукашэнку мірны шлях

Арганізацыя “Беларускі Нацыянальны Кангрэс” вылучыла Мікалая Статкевіча прэтэндэнтам на пост прэзідэнта Беларусі на бліжэйшых выбарах, якія мусяць адбыцца ў 2020 годзе. Такое рашэнне прынятае галасаваннем рады БНК 17 студзеня. У размове з Еўрарадыё Статкевіч адзначае, што яго выбарчая кампанія пачнецца цягам самых бліжэйшых тыдняў.

“Гэтае рашэнне не столькі пра выбары, колькі пра вызваленне, — кажа палітык. — Гэта кампанія за вяртанне сумленных выбараў, каб перамагчы на сапраўдных выбарах. Гэта — за мірныя перамены. Бо без сумленных выбараў Беларусь можа апынуцца ў сітуацыі сацыяльнага выбуху”.

Выбарчая кампанія Статкевіча будзе весціся рознымі шляхамі: праграмна, у форме пратэстаў, праз стварэнне шырокай ініцыятыўнай групы. Першым крокам стануць публікацыя праграмы кандыдата і акцыі пратэсту.

“Па канстытуцыі абмежаванняў ніякіх няма”

Не пужае ветэрана беларускай апазіцыі і наяўнасць непагашанай судзімасці:

“Па канстытуцыі, абмежаванняў ніякіх няма, а значыцца, я магу [балатавацца на пасаду прэзідэнта]. Там ёсць тры прычыны, пад якія я не падпадаю, і асобны сказ, які кажа, што іншых абмежаванняў быць не можа. А па іх Выбарчым кодэксе я не магу балатавацца, бо ёсць непагашаная судзімасць. І гэта таксама паўплывала на рашэнне рады БНК. У нашай стратэгіі гэты фактар як раз будзе шырока выкарыстоўвацца, бо людзей фактычна пазбаўляюць асноўнага апанента Лукашэнкі. Прычым, пра асноўнага апанента — гэта не мае словы, таму можна казаць пра тое, што людзей пазбаўляюць права выбіраць сумленную ўладу”.

Палітык разлічвае і на вялікую падтрымку з боку насельніцтва, бо лічыць, што “час думаць і пра перамогу” і шукаць альтэрнатыву дзеючаму кіраўніку краіны.

Ветэран беларускай палітыкі будзе звяртацца па падтрымку да іншых палітычных партый, каб была магчымасць вылучыць адзінага кандыдата:

“Мы будзем звяртацца ўжо сёння да іншых людзей і кандыдатаў, каб падтрымалі кандыдатуру ад БНК. Шчыра кажучы, меркаванне неапазіцыйных партый, якія чамусьці называюць сабе апазіцыйнымі, ні на што не ўплывае. У нас дзіўная сітуацыя, калі палітычныя партыі адышлі ад палітыкі і пачалі займацца нейкімі сацыяльнымі праектамі, гістарычнымі і гэтак далей. Але яны не выконваюць сваю функцыю — крытыкаваць уладу і змагацца з ёй. А калі ў краіне ўся ўлада ў руках аднаго чалавека, то яны проста абавязаныя крытыкаваць гэтага чалавека і змагацца з ім, адхіляць яго ад улады. Гэтыя арганізацыі, калі і набіраюцца смеласці пакрытыкаваць каго-небудзь, то толькі другаснага нейкага чыноўніка ці ўладальніка рэстарана”.

“Беларусы ўжо не праглынуць чарговую элегантную перамогу”

Адзіны чалавек, з якім бы Мікалай Статкевіч выйшаў на дэбаты — гэта Аляксандр Лукашэнка. Палітык кажа, што дэбатуе з кіраўніком дзяржавы завочна, і ўжо досыць даўно. І з нагоды пачатку свайго ўдзела ў выбарчай кампаніі, вырашыў зрабіць зварот да Лукашэнкі:

“Я звяртаюся да яго наўпрост. Давай вырашым праблему мірна! Калі ты хоць нешта думаеш пра краіну, то вяртай сумленныя выбары! Здымай судзімасці з сумленных людзей, і давай сустрэнемся на сумленных выбарах. Беларусы хочуць сапраўдных выбараў, яны ўжо не праглынуць чарговую элегантную перамогу!”.

Калі ж Лукашэнка адмовіцца ад сумленных выбараў, Статкевіч абяцае, што будзе горш. “Давай дамовімся!” — заклікаў ён кіраўніка краіны.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 17.01

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі