"Даём рады" у празорлівасці: слухачы Еўрарадыё адгадалі 4 гурты з шасці

7 лютага ў клубе Re:public журналісты Еўрарадыё ў другі раз будуць узнагароджваць беларускіх (а, магчыма, і не толькі) музыкаў. На цырымоніі выступяць 6 гуртоў. Музыкаў мы выбіралі, абапіраючыся і на іх музычныя дасягненні ў мінулым годзе, і на ўласнае жаданне зрабіць сапраўды адрыўны канцэрт. І вось вынік!

Сёлета наша ўрачыстая цырымонія пройдзе ў прыпанкаваным фармаце!

Дыназаўры айчыннага панку "Дай Дарогу!" і Neuro Dubel, якія па некаторых метафізічных прычынах не гралі на адной сцэне з тых часоў, калі ўдзельнікі юнага поп-панк гурта "Тлушч" гулялі на выпускным у дзіцячым садку, зноў выступяць разам! Дарэчы і без гурта "Тлушч" не абыдзецца!

Акрамя таго, на нашай арэне з'явіцца дэструктыўны пажарны аркестр Harotnica з новым гітарыстам і змененым саўндам, які цяпер таксама хіліцца некуды ў панк-рок.

Таксама ў трупу сёлетняга фэсту увайшлі магілёўцы Nizkiz і брэсцкі гурт Sciana з новым альбомам і адпаведна, новай праграмай.

Вядома, прадказаць такое можа не кожны, але ў нашых чытачоў амаль атрымалася! Адзін з удзельнікаў конкурсу, Ягор Ліхтаровіч, адгадаў чатыры гурты з шасці і атрымае за гэта запрашальнік на музычную прэмію "Даём рады" на 2 асобы. Астатнім раім сачыць за афішай, хутка ў продажы з’явяцца квіткі. Першыя партыі будуць каштаваць ад 110 000.

Ну, і далучайцеся да нашых суполак ў сацыяльных сетках, абяцаем, што цікавыя і карысныя розыгрышы на гэтым не заканчваюцца!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі