Дэпутат: Песімістычны варыянт для Беларусі — нафта па 20 долараў

Урад Беларусі ў сваёй “Праграме дзеянняў на 2015 год” улічыў тры варыянты развіцця эканомікі краіны: аптымістычны, песімістычны і сярэдні. Пра гэта распавёў член камісіі па бюджэце, дэпутат Валерый Барадзеня.

“Урад разглядаў тры варыянты: песімістычны, аптымістычны і нейкі сярэдні, які быў узяты за аснову. Які з іх будзе рэалізаваны — паглядзім. Але мне здаецца, што гэта правільны падыход, таму што трэба быць гатовым да ўсяго”.

Апішыце, калі ласка, песімістычны варыянт.

Валерый Барадзеня: Чыноўнікі ў Савеце Міністраў мяркуюць, што песімістычны варыянт заключаецца ў тым, што кошт нафты і курс расійскага рубля будуць падаць. Напрыклад, да 20 долараў за барэль. Гэта будзе ўплываць на беларускую эканоміку, бо мы сур’ёзна звязаныя з РФ. Зразумела, пры такім развіцці падзеяў будуць іншыя меры, чым тыя, якія сёння прымаюцца ў Савеце Міністраў.

Калі браць базавы сцэнарый. Наколькі ў ім адрозніваюцца паказчыкі ад тых, што закладзеныя ў бюджэце на 2015 год?

Валерый Барадзеня: Базавыя паказчыкі на дадзены момант адрозніваюцца не крытычна. Мы і ў лепшыя гады не адрозніваліся дакладнасцю прагнозаў. Яны не былі вельмі надзейнымі. Ва ўмовах такой валацільнасці рынка, нашы прагнозы яшчэ менш будуць спраўджвацца. І хоць мы будзем пераглядаць бюджэт, хацелася б, каб захавалася сацыяльная накіраванасць. І хацелася б, каб мы не паніжалі планку ў тых дасягненнях, якія мы маем у адукацыі і ахове здароўя.

Наконт зарплат таксама тры прагнозы?

Валерый Барадзеня: Калі яны не будуць падаць, дык гэта ужо будзе вельмі добра. А рост — гэта было б надта аптымістычна.

Ці вызначаныя нейкія межы па курсе валют?

Валерый Барадзеня: Курс нашай валюты будзе моцна залежаць ад еўрапейскай і расійскай валюты. Бо ён прывязаны да кошыка валют. І калі наконт долара і еўра прагнозы маюцца, дык з расійскім рублём ёсць праблемы. Сёння Нацбанк праводзіць дастаткова разумную палітыку. Ёсць надзея, што расійскі рубель утрымаецца на гэтай пазіцыі, і мы гэтую інфляцыю пачнём згортваць. Мы павінны рухацца да адназначных лічбаў інфляцыі. Можа Нацбанку гэта ўдасца.

Ёсць прагнозы, што да канца года курс долара складзе 20 тысяч…

Валерый Барадзеня: Не буду тыкаць пальцам у неба.

Калі ж здарыцца песімістычны сцэнарый, якія сацыяльныя праграмы апынуцца пад пагрозай?

Валерый Барадзеня: Не ведаю наконт сацыяльных праграм. Але мяркую, што нам удасца ўтрымаць сацыяльныя ўмовы на тым жа ўзроўні. У першую чаргу будуць скарачацца капітальныя ўкладанні ў будаўніцтва новых аб’ектаў, мабыць і на ўтрыманне новых аб’ектаў менш будзе выдаткоўвацца. Але зарплаты скарачацца не будуць.

Дэпутат адзначыў, што на дадзены момант нават сусветныя агенцтвы маюць цяжкасці з тым, каб зрабіць прагнозы па коштах на нафту, па каціроўках валют, цяжка спрагназаваць сітуацыю нават з тым, як будуць выконвацца мінскія дамоўленасці па Украіне. Усе гэтыя фактары непасрэдна ўплываюць і на беларускую эканоміку. Барадзеня дадаў, што ўрад улічваў зменлівасць гэтых фактараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі